Дурава ўпершыню дапыталі ў судзе Парыжа
7- 7.12.2024, 10:57
- 3,698
Чатыры месяцы таму заснавальніка Telegram затрымалі, а потым адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.
Прадпрымальніка Паўла Дурава ўпершыню дапыталі ў судзе Парыжа паводле справы аб недастатковай мадэрацыі ў мэсэнджары Telegram, паведамляе 20Minutes са спасылкай на AFP.
Допыт адбыўся ў пятніцу, 6 снежня. Дураў прыбыў у суд са сваімі адвакатамі Давідам-Аліўе Камінскі і Крыстафам Інгрэнам. Бізнэсмэн не даў журналістам разгорнуты каментар, абмежаваўшыся фразай пра давер французскаму правасуддзю.
Адвакат Камінскі назваў абсурднай пазіцыю абвінавачання, паводле якой Дураў удзельнічаў у злачынствах, учыненых праз Telegram.
Дураў быў у канцы жніўня затрыманы пры прылёце ў аэрапорт Парыжа, яго на некалькі дзён змясцілі пад арышт, а потым адпусцілі пад заклад €5 млн і абавязальніцтва двойчы на тыдзень адзначацца ў паліцэйскім пастарунку. Прэтэнзіі тычыліся мадэрацыі Telegram і адмовы ад супрацоўніцтва з праваахоўнымі ўстановамі, у сувязі з чым бізнэсмэн стаў падазраваным у распаўсюджванні дзіцячай парнаграфіі, махлярстве і іншых злачынствах.
Прадпрымальнік з абвінавачваннямі не згодны і папярэджвае пра негатыўныя наступствы для бізнэс-клімату ў Францыі ў сувязі са справай: «Ні адзін інаватар ніколі не будзе ствараць новыя інструменты, калі ведае, што можа панесці асабістую адказнасць за магчымае злоўжыванне гэтымі інструментамі». «Сцвярджэнні ў некаторых СМІ, што Telegram – гэта свайго роду анархічны рай, абсалютна не адпавядаюць рэчаіснасці», – напісаў ён.
Telegram пасля затрымання Дурава стаў раскрываць праваахоўным органам IP-адрасы і нумары тэлефонаў тых, хто парушае правілы, у адказ на абгрунтаваныя юрыдычныя запыты.