Рафал Тшаскоўскі прадставіў асновы сваёй перадвыбарнай кампаніі
- 8.12.2024, 10:59
- 6,048
![Рафал Тшаскоўскі прадставіў асновы сваёй перадвыбарнай кампаніі](https://i.c97.org/ai/621811/aux-head-1733644139-20241208_rafal_360.jpg)
Кандыдат ад кіроўнай кааліцыі запэўніў, што будзе прэзідэнтам для ўсіх палякаў.
Мэр польскай сталіцы Рафал Тшаскоўскі на з'ездзе Грамадзянскай кааліцыі ў Глівіцы прадставіў некаторыя элементы сваёй прэзідэнцкай кампаніі, паведамляе «Польскае радыё».
Кандыдат ад кіроўнай кааліцыі запэўніў, што будзе прэзідэнтам для ўсіх палякаў, а не для адной партыі. Выкладаючы сваё бачанне прэзідэнцтва, Рафал Тшаскоўскі заявіў, што палякам патрэбныя адзінства, спакой і салідарнасць.
«Я веру ў Польшчу, дзе адкрытая рука перамагае сціснуты кулак. Я веру ў Польшчу, якая глядзіць у будучыню. Я веру ў Польшчу, у якой моцны заўсёды дапаможа слабаму», - сказаў Рафал Тшаскоўскі.
З яго слоў, улады ў Польшчы «павінны ўмацаваць дэмакратыю і пераканацца, што ўсе абяцанні, дадзеныя перад выбарамі 15 кастрычніка, будуць выкананыя». Пры гэтым ён заявіў аб неабходнасці паскорыць і рэалізаваць змены, абвешчаныя ў Польшчы.
«З гэтага месца я хацеў бы заявіць, што нам трэба падрыхтаваць цэлы пакет законаў, якія будуць гатовыя для таго, каб у першыя ж гадзіны, у першыя дні, калі мы пераможам на прэзідэнцкіх выбарах, унесці змены, якія для нас найбольш важныя. Усё гэта павінна быць гатовае, бо нам патрэбнае паскарэнне, мы пакажам не толькі тое, што паказваем увесь час, а менавіта рашучасць, але і прадэманструем эфектыўнасць. Таму што сёння - гэта самае важнае», - сказаў Рафал Тшаскоўскі.
У сваёй прамове кандыдат у прэзідэнты заявіў, што апошняе слова ў пытаннях здароўя павінна заставацца за жанчынамі. Такім чынам ён даў зразумець, што адным з важных пунктаў яго перадвыбарнай праграмы будзе пытанне аб спаронах.
Значную частку свайго выступу Рафал Тшаскоўскі прысвяціў энэргетычнай трансфармацыі. Сярод іншага, ён падкрэсліў, што гэты пераход павінен здзяйсняцца за кошт энэргетычных кампаніі, а не толькі звычайных падаткааплатнікаў.
Рафал Тшаскоўскі таксама звярнуў увагу на неабходнасць кансалідацыі нацыі, аднаўлення канкурэнтаздольнасці польскай эканомікі, зніжэння адсоткавых ставак і павелічэнне выдаткаў на абарону да 5% ВУП.
![](https://i.c97.org/ai/621811/aux-1733644374-Skype_Picture_2024_12_08T07_52_20_685Z.jpeg)
![](https://i.c97.org/ai/621811/aux-1733644180-Skype_Picture_2024_12_08T07_49_15_367Z.jpeg)
![](https://i.c97.org/ai/621811/aux-1733644180-Skype_Picture_2024_12_08T07_49_15_695Z.jpeg)
![](https://i.c97.org/ai/621811/aux-1733644180-Skype_Picture_2024_12_08T07_49_20_947Z.jpeg)
![](https://i.c97.org/ai/621811/aux-1733644208-Skype_Picture_2024_12_08T07_49_45_810Z.jpeg)
![](https://i.c97.org/ai/621811/aux-1733644374-Skype_Picture_2024_12_08T07_52_03_022Z.jpeg)
![](https://i.c97.org/ai/621811/aux-1733644374-Skype_Picture_2024_12_08T07_52_03_377Z.jpeg)
![](https://i.c97.org/ai/621811/aux-1733644374-Skype_Picture_2024_12_08T07_52_08_443Z.jpeg)
![](https://i.c97.org/ai/621811/aux-1733644374-Skype_Picture_2024_12_08T07_52_13_091Z.jpeg)
![](https://i.c97.org/ai/621811/aux-1733644374-Skype_Picture_2024_12_08T07_52_16_890Z.jpeg)