Axios: Макрон некалькі дзён пераконваў Трампа сустрэцца з Зяленскім у Парыжы
19- 8.12.2024, 14:24
- 10,078
Канчатковую пастанову амерыканскі бок прыняў напярэдадні.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон пераканаў абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа сустрэцца з украінскім лідарам Уладзімірам Зяленскім у Парыжы.
Аб гэтым піша Axios са спасылкай на дзве крыніцы. Адзначаецца, што Трамп прыляцеў у Парыж на адкрыццё сабора Нотр-Дам. Цягам некалькіх дзён Макрон працаваў над тым, каб пераканаць яго правесці супольную сустрэчу з Зяленскім.
Адна з крыніц паведаміла, што спачатку Трамп не хацеў праводзіць сустрэчу, але нарэшце пагадзіўся.
Іншая крыніца, знаёмая з сустрэчай, паведаміла, што яна доўжылася 45 хвілін і была «добрай і плённай». Крыніца таксама паведаміла, што канчатковая пастанова аб правядзенні трохбаковай сустрэчы была прынятая незадоўга да гэтага.