СМІ даведаліся пра страты Расеі ў Сірыі
11- 9.12.2024, 22:00
- 18,304
За рэжым Асада загінулі афіцэры ФСБ, ГРУ, пілоты і мноства наймітаў ПВК «Вагнер».
На вайне ў Сірыі загінулі 543 расейскія вайскоўцы і супрацоўнікі ПВК Вагнер, што ў некалькі разоў перавышае афіцыйныя звесткі Мінабароны РФ. Пра гэта паведамляе BBC у панядзелак, 9 снежня.
Журналісты высветлілі імёны ўсіх загінулых, грунтуючыся на адкрытых крыніцах: журналісцкія матэрыялы, публікацыі ў сацыяльных сетках, а таксама звесткі з могілак і ваенных мемарыялаў.
Большасць загінулых – 346 чалавек – былі наймітамі ПВК «Вагнер». Імёны гэтых асобаў атрымалася пацвердзіць з дапамогай адкрытых крыніцаў і ўнутраных дакументаў кампаніі, якія сталі даступныя журналістам пасля выцечак інфармацыі паміж 2016 і 2022 гадамі.
Акрамя таго, Расея страціла ў Сірыі як мінімум сем афіцэраў спецназу ФСБ, сярод якіх былі супрацоўнікі групы Альфа, а таксама некалькі выведнікаў 45-й брыгады спецназу ПДВ, салдатаў і афіцэраў падраздзяленняў ГРУ, а таксама больш за 20 ваенных пілотаў і штурманаў. Сярод загінулых ёсць адзін генерал-маёр, дзесяць палкоўнікаў, 15 падпалкоўнікаў, 31 маёр і 61 афіцэр у званні ад лейтэнанта да капітана.
Афіцыйна Міністэрства абароны Расеі прызнае ўсяго 116 загінулых вайскоўцаў.