1 верасня 2024, Нядзеля, 1:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лукашэнка спалохаўся расколу эліт»

46
«Лукашэнка спалохаўся расколу эліт»

Унутры сістэмы нарастаюць супярэчнасці.

Аляксандр Лукашэнка 20 лютага выступіў перад кіраўніцтвам дзяржаўных органаў сістэмы нацыянальнай бяспекі, агучыў "пагрозы Польшчы" (з боку польскай і амерыканскай выведак) і беларускім чыноўнікам (з боку польскай выведкі).

«Белсат» спытаў у палітолага Валерыя Карбалевіча, што гэта значыць.

Паводле слоў Лукашэнкі, "уцекачы і іх заходнія куратары" рыхтуюць ці то дзяржаўны пераварот і гвалтоўны захоп улады, ці то рэпетыцыю перавароту падчас прэзідэнцкіх "выбараў" 2025 года, ці то "інструменты мяккай сілы на выпадак няўдачы першых двух сцэнарыяў".

Сярод іншага ён агучыў пагрозы і Польшчы, і сваім чыноўнікам. Як перадае БелТА, Лукашэнка казаў, што атрымаў аператыўную інфармацыю, нібыта польская і амерыканская выведкі "рыхтуюць маштабную правакацыю супраць цывільнага насельніцтва Польшчы", у якой абвінавацяць Расею і Беларусь.

Палітычны аглядальнік “Радыё Свабода” Валер Карбалевіч нагадвае “Белсату”: Лукашэнка рэгулярна выступае з канспіралагічнымі тэорыямі, абвінавачваючы Захад.

"Можна, вядома, прыдумляць розныя версіі, але самая простая і самая, як мне здаецца, блізкая да рэальнасці версія - што за гэтымі словамі проста нічога няма ", - мяркуе Карбалевіч.

Са слоў Карбалевіча, Лукашэнка "даўно не адказвае за свае словы".

Лукашэнка можа казаць усялякія рэчы, нягледзячы на тое, як яны суадносяцца з рэальнасцю. Лукашэнка спасылаецца на "закрытую інфармацыю", якую немагчыма ні пацвердзіць, ні зняпраўдзіць, а гэта тыповая прыкмета канспіралогіі.

Тым больш Польшча, як кажа Карбалевіч, гэта "экзістэнцыйны вораг Лукашэнкі". Галоўных ворагаў зараз, з пункту гледжання Лукашэнкі, тры: Злучаныя Штаты Амерыкі, Польшча і Украіна. Казаць, што ЗША збіраецца напасці на Беларусь, цяжкавата, а Польшча - вось жа яна побач! Ды і нядаўна Лукашэнка расказваў, што “Польшча збіраецца захапіць заходнюю частку Беларусі”, нібыта нават “абмяркоўвала гэта з лідарамі апазіцыі ў абмен на заходнія землі Расеі”.

Акрамя таго, словы Лукашэнкі сведчаць, што ён баіцца расколу эліт. Лукашэнка бачыць, што ўсё ж нейкія канфлікты, нейкія супярэчнасці нарастаюць унутры сістэмы.

"Як вось тое, што ён распавядае, што апазіцыя нібыта рыхтуецца пад выбары ажыццявіць бунт, дзяржаўны пераварот… Ну, як гэта каментаваць?" - пытаецца Карбалевіч.

Але што магло быць нагодай для такіх выказванняў, штуршком? Карбалевіч разважае: нараду ж, сабраліся вайскоўцы і людзі з пагонамі, трэба нагнятаць напружанасць, напалохаць людзей і мабілізаваць іх на абарону.

Палітычны аглядальнік называе гэты выступ Лукашэнкі “апакаліптычным”: Лукашэнка разважаў, што “вось-вось вайна”, “вайна непазбежная”, “трэба рыхтавацца да вайны”… І каб пераканаць публіку ў гэтым, трэба казаць не пра абстрактныя пагрозы, а прыводзіць факты. Лукашэнка прывёў, толькі адкуль ён гэта ўзяў, не кажа - і не адказвае за свае словы.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках