«Пражыць шэсць гадоў выглядае складанай задачай»
1- 28.02.2024, 11:40
- 4,130
Палітвязень Рыгор Кастусёў даслаў ліст са зняволення.
Лідар партыі БНФ, палітвязень Рыгор Кастусёў сустрэў за кратамі 44-ю гадавіну свайго шлюбу з жонкай Ларысай. У лісце сваякам ён павіншаваў жонку з гэтай датай, а таксама паразважаў пра шанцы дажыць да залатога вяселля, паведамляе «Радыё Свабода».
«Праз шэсць гадоў будзе 50 гадоў нашага сумеснага жыцця. Я раней усё думаў шмат аб гэтай даце. Жадаў бы сабраць сціжму гасцей і адзначыць з размахам. Але зараз, на жаль, погляды сталі больш песімістычнымі. Аптымізму паменела, бо пражыць яшчэ шэсць гадоў выглядае складанай задачай», - напісаў Кастусёў у лісце сваякам.
У красавіку Кастусёву споўніцца 67 гадоў.
Нагадаем, напярэдадні экспэрты ААН у правах чалавека выказалі занепакоенасць у сувязі з паведамленнямі аб крытычным стане здароўя і жорсткім абыходжанні з палітвязнем, які адбывае 10-гадовы тэрмін. Адмову ў меддапамозе яму прыраўнялі да катавання.
Раней Рыгор Кастусёў скардзіўся на дрэннае самаадчуванне. У няволі ў палітыка абвастрыліся праблемы са здароўем - у яго анкалагічнае захворванне.
У жніўні мінулага года Кастусёў прайшоў анкалагічнае даследаванне, аднак прынамсі да восені яму не паведамлялі аб выніках. Пры гэтым палітыка некалькі разоў адпраўлялі ў штрафны ізалятар і ПКТ.