«Атрымліваю 1100 рублёў, але еду ў Гішпанію»
81- 3.03.2024, 14:01
- 19,604
Беларуска падзялілася прыкладам вельмі эканомнага бюджэту.
Святлана (імя змененае) жыве і працуе ў Менску, ёй 54 гады. Яна мае заробак 1100 рублёў на месяц. Жанчына расказала onliner.by, гэта ўвесь яе даход, але яна стараецца не пазбаўляць сябе радасцяў жыцця:
- Я люблю падарожнічаць, таму павінна адшукваць магчымасць эканоміць і кожны месяц адкладаць нейкую суму на гэты артыкул выдаткаў. Паехаць кудысьці ў новае месца, з’ехаць у новую краіну з маіх шэрых будняў - пытанне для мяне прынцыповае, якое падтрымлівае жыццё. З майго заробку адкладаць праблематычна, таму зразаць даводзіцца ўсе выдаткі, уключаючы ежу.
Атрымаўшы заробак, я выдаткоўваю 120 рублёў на аплату камунальных паслуг, 40 рублёў каштуе праязны на метро, 400 рублёў адводзіцца на ежу і іншыя выдаткі тыпу бытавой хіміі і касметыкі.
З прадуктаў набываю ў асноўным курынае мяса, крупы і айчынную гародніну. Садавіна выключаная практычна цалкам, бо каштуе дорага пры невысокай якасці.
З пакінутых 540 рублёў цяпер я імкнуся адкласці па €100 на месяц на паездку ўлетку ў Гішпанію, бо яшчэ ўвосень набыла квіткі на самалёт у Барселону ў Wizz Air за €100. Цяпер трэба назапасіць хаця б €500 на гатэль, ежу і транспартныя выдаткі ў Гішпаніі.
Папярэдняя паездка была летась у Санкт-Пецярбург і каштавала 800 беларускіх рублёў (праезд, жыллё, ежа, музеі і два паходы ў тэатр).
Ехала туды на цягніку ў плацкарце, прычым квіткі набыла спачатку да апошняй станцыі на тэрыторыі Беларусі, а потым ад гэтай жа станцыі на гэтыя ж месцы да Санкт-Пецярбурга - так атрымліваецца танней, бо квіток па Беларусі прадаецца не па міжнародным, а па ўнутраным, больш нізкім тарыфе. Назад ляцела «Перамогай»: квіток на самалёт без багажу (з маленькім заплечнікам) выявіўся таннейшым за плацкарту.
У Гішпанію, дарэчы, я таксама збіраюся ляцець без багажу, з маленькім заплечнікам, бо багажнае месца каштуе амаль столькі ж, колькі сам квіток для пасажыра. Мяне чакае квэст па ўкладванні рэчаў для адпачынку ў заплечнік памерам 40×30×20 сантыметраў.
Пасля выліку сум на «камуналку», ежу і Гішпанію застаецца 190 рублёў, з якіх кампенсуюцца ўсе астатнія выдаткі (на адзенне, медабслугоўванне, забавы, рамонт, сэрвісныя паслугі і іншае). Раз на год я хаджу ў цырульню. Манікюр у салонах не раблю, фарбую пазногці сама.
У побыце прытрымліваюся модных сёння мінімалізму і ідэй развітання з непатрэбнымі рэчамі: строга два камплекты пасцельнай бялізны і ручнікоў, мінімум посуду і гэтак далей. Куплю адзення я таксама звяла да мінімуму.
Онлайн-шопінг не люблю, аддаю перавагу прымераць рэч і пераканацца, што яна села па фігуры і будзе насіцца доўга. Асноўнае месца закупаў - стокавыя крамы.
Ну і акцыі з распродажамі, канешне, наша ўсё. «Марка» ў канцы сезону любіць знізіць кошты абутку на 40%, а Conte і MF, да прыкладу, больш выгадна набываць у дні зніжак ва ўнівермагах, а не ў фірмовых крамах.
Рамонт у кватэры я раблю сваімі рукамі ў рамках сваіх магчымасцяў: перыядычна пераклейваю шпалеры і фарбую столь.
Толькі вось шпалеры даводзіцца набываць хаця б расейскія, бо досвед паказаў, што ляпіць беларускія я пакуль не навучылася. Калі выходзіць з ладу штосьці з тэхнікі ці трэба замяніць нейкі прадмет мэблі, адкладаць нічога не атрымліваецца некалькі месяцаў.
Новую тэхніку манітору на Onlíner. Электрыкаў, сантэхнікаў, зборшчыкаў мэблі таксама шукаю на Onlíner у раздзеле «Паслугі» - вельмі зручна.
Калі мае быць буйная купля, я высвятляю ўмовы кешбэка. Так для атрымання 5%-нага кэшбэка пры аплаце туру ў турагенцтве я спецыяльна замовіла адпаведную банкаўскую картку.
Забаўкі выбіраю недарагія, балазе квіткі ў менскія тэатры каштуюць не гэтулькі, колькі ў маскоўскія ці піцерскія. Часам ходзім з сяброўкамі ў недарагія кавярні, звычайна ў рамках гастрафэстаў, ці на квізы.
Спампоўваць нейкія прыкладанні для вядзення бюджэту не бачу сэнсу, бо ўсе выдакі я выдатна ведаю і памятаю. Ніколі не з'яўляецца думка, куды ж сышлі мае грошы. Папулярныя ў інтэрнэце парады менш ездзіць на таксоўцы і радзей браць каву навынас выконваю няўхільна.
Хтосьці скажа: навошта ехаць у Гішпанію, калі нават на садавіну грошай бракуе? Ну, тут пытанне прыярытэтаў.
Вось у Гішпаніі садавіны і паем - там яна смачная.