WSJ: Нямеччына пачала расследаванне выцечкі размовы аб пастаўках УСУ ракетаў Taurus, здольных даставаць да Масквы
7- 3.03.2024, 16:01
- 8,914
Пра што яшчэ гаварылі генерал і высокапастаўленыя нямецкія афіцэры?
Міністэрства абароны Нямеччыны пацвердзіла факт праслухоўвання высокапастаўленых нямецкіх афіцэраў, якія выкарыстоўвалі неабароненую платформу WebEx для абмеркавання ваеннай дапамогі Украіне. Улады пачалі расследаванне інцыдэнту, піша The Wall Street Journal.
У размове, якая трапіла ў распараджэнне расейскай выведкі, генерал і некалькі афіцэраў Ваенна-паветраных сілаў Нямеччыны абмяркоўваюць магчымую пастаўку УСУ дальнабойных ракетаў Taurus з радыусам паразы 500 км, здольных даставаць да Масквы. Яны таксама гавораць, што ва Украіне ўжо знаходзяцца вайскоўцы Вялікай Брытаніі, Францыі і ЗША, якія дапамагаюць эксплуатаваць заходнюю тэхніку. Самі згаданыя краіны, апроч першай, гэта адмаўляюць.
Афіцыйныя асобы, знаёмыя з расследаваннем, заявілі, што WebEx – камерцыйная незашыфраваная платформа для анлайн-канферэнцый – шырока выкарыстоўваецца вайскоўцамі ды іншымі таемнымі ўстановамі Нямеччыны. «Гэтая падзея павінна стаць трывожным званком», – сказаў суразмоўца выдання.
Цяпер высвятляецца, чаму вайскоўцы скарысталі неабаронены сродак сувязі з улікам прадмета абмеркавання. Прычым адзін з афіцэраў падключыўся да размовы праз свой мабільны тэлефон з нумара гатэля ў Сінгапуры. Іншых інцыдэнтаў з праслухоўваннем следства пакуль не выявіла.
Напярэдадні расейская прапагандыстка Маргарыта Сіманьян апублікавала 38-хвілінны аўдыязапіс размовы нямецкіх вайскоўцаў, заявіўшы, што яна атрымала яго ад «таварышаў у пагонах». Сцвярджалася, што ў перахопленай гутарцы ўдзельнічалі інспектар ВПС Нямеччыны генерал-лейтэнант Інга Герхарц, кіраўнік аддзела аперацый і вучэнняў камандавання ВПС Франк Грэфэ, супрацоўнік цэнтра паветраных аперацый касмічнага камандавання бундэсвера Штэфан Фенске і супрацоўнік той жа ўправы з прозвішчам Фраштэдцэ.
На аўдыязапісе Герхарц даручыў падрыхтаваць прэзентацыю для міністра абароны пра арганізацыю паставак Украіне Taurus і пра тое, як Кіеў можа выкарыстоўваць іх для ўдараў па складах боепрыпасаў і па Крымскім мосце. На думку нямецкіх афіцэраў, для знішчэння апошняга спатрэбіцца «не 10 і нават не 20 такіх ракетаў», паколькі праз сваю велічыню мост «падобны да ўзлётнай паласы».
«Няма ніякіх рэальных прычынаў гаварыць, што мы не можам гэтага зрабіць – усё залежыць толькі ад палітычных “чырвоных ліній”», – кажа Герхарц.
З абмеркавання вынікае, што кіраўніцтва Бундэсвера дапускае перадачу Украіне 100 Taurus. А УСУ спатрэбілася б шэсць гадзінаў, каб запусціць ракету пасля атрымання выведных звестак пра новую цэль, калі б байцы былі належным чынам падрыхтаваныя і мелі доступ да ўсёй неабходнай інфармацыі. Паводле ацэнак нямецкіх вайскоўцаў, навучанне ўкраінскіх аператараў зойме ад двух тыдняў да чатырох месяцаў у залежнасці ад складанасці задачы, з якой яны сутыкнуцца.
Пры гэтым галоўную заклапочанасць удзельнікаў размовы выклікае пытанне, якім чынам прызначаць цэлі для ўдараў і як унікнуць прамога ўдзелу ў гэтым працэсе нямецкіх вайскоўцаў. Паводле словаў Герхарца, у абыходжанні з Taurus украінцам маглі б дапамагчы прысутныя там амерыканцы.
У Мінабароны Нямеччыне заявілі, што пакуль не могуць сказаць з упэўненасцю, ці былі ўнесеныя змены ў аўдыязапіс і расшыфраваную версію, якія з'явіліся ў сацсетках. Паводле першапачатковай ацэнкі экспертаў, падробка гутаркі з дапамогай штучнага інтэлекту «ў значнай ступені выключаная», піша Der Spiegel.
Выцечка была вельмі сур'ёзнай і будзе расследаваная «вельмі старанна, вельмі інтэнсіўна і вельмі хутка», заявіў канцлер Нямеччыне Олаф Шольц. Паводле звестак Frankfurter Allgemeine Zeitung, адной з мэтаў зліву магло быць прадухіленне пастаўкі Taurus Украіне.