25 студзеня 2025, Субота, 12:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Амапавец адкрыта фліртаваў з адной з затрыманых»

7
«Амапавец адкрыта фліртаваў з адной з затрыманых»

Беларуска выпусціла ўспаміны пра 2020 год.

Беларуская паэтка Ганна Камар напісала кнігу «Калі я выйду на волю». Яе апублікавала выдавецтва «Скарына», якое паведаміла пра гэта ў сваім тэлеграм-канале.

У сваёй кнізе паэтка, перакладніца і сакратарка Беларускага ПЭН-Цэнтра Ганна Камар у фармаце дзённікавых запісаў расказала пра сваё затрыманне ў 2020 годзе.

Камар была затрыманая 8 верасня 2020 года.

«8 верасня 2020-га, калі калона мірных пратэстоўцаў ішла ад Камароўскага рынку ў бок праспекта Незалежнасці, нас акружылі людзі ў вайсковай форме і без формы і прыціснулі да сцяны. <…> Мы адразу арганізаваліся ў счэпку, я стаяла ў першым шэрагу. Мы крычалі, спявалі Купалінку, скандавалі “Сыходзьце”, “Гэта наш горад”, “Ты чалавек”, “Дапамажыце”, нешта яшчэ. Супрацоўнікі ў форме, сілавікі, падышлі да нас і папрасілі “аддаць” хлопцаў, якія стаялі за намі. Мы адказалі, што не аддамо, і так некалькі разоў. Яны пачалі разрываць счэпку сілай і адводзіць хлопцаў, а заадно і дзяўчатаў. Нехта супраціўляліся, упалі на зямлю, я ў тым ліку. У нейкі момант, відавочна, ім далі загад браць усіх, бо дзяўчатаў і жанчынаў сталі пакаваць у аўтазакі масава. <…> Мабыць, я ўжо была ў стане афекту і не кантралявала сябе, эмацыйна і гучна заяўляла ў твар некалькім сілавікам пра тое, што яны парушаюць нашыя правы, у тым ліку на свабоду мірных сходаў і свабоду выказвання меркавання. Яны мяне не чапалі, пакуль не прыйшоў вельмі агрэсіўны “бык”, са словамі “Усё, ты мяне за*бала”, ён схапіў мяне за локаць і павёў у аўтазак», – расказвала Камар пра сваё затрыманне.

Як успамінала паэтка, у аўтазаку «было спакойна, наколькі магло быць у тых умовах. Нам не забаранялі карыстацца тэлефонамі для званкоў і паведамленняў, далі вады, размаўлялі. Што яны гаварылі – гэта, вядома, асобная тэма, цэлы раздзел для кнігі ў стылі Кафкі. Адзін з сілавікоў расказваў, што ходзіць на споведзь і ўвогуле які ён вернік. Іншы спытаў з пачуццём перавагі, якую мы кнігу апошні раз чыталі».

Наступную ноч Камар правяла ў спартовай зале РУУС Першамайскага раёна. «Мяне зрынула, праўда, у праведнае абурэнне, як самы малады з АМАПаўцаў адкрыта на ўсю залу фліртаваў з адной з затрыманых – красамоўная метафара аб'юзу, які адбываецца», – успамінала яна.

Ганна правяла ў зняволенні дзевяць сутак.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках