Сведкі расказалі, чаму не выклікалі паліцыю падчас згвалтавання беларускі ў Варшаве
46- 3.03.2024, 21:17
- 48,924
Жанчыны далі паказанні ў паліцыі.
Дзве жанчыны, якія сталі сведкамі жорсткага нападу на 25-гадовую беларуску Лізу ў Варшаве, далі паказанні ў паліцыі, піша telegraf.news. Камеры назірання зафіксавалі, што жанчыны некаторы час назіралі за ўсёй сітуацыяй, але ніякіх дзеянняў не распачалі. Яны паспрабавалі растлумачыць свае жахлівыя паводзіны тым, што не ўсведамлялі, што з'яўляюцца сведкамі злачынства.
Жанчыны сцвярджалі, што думалі, што ў падваротні займаюцца сэксам бяздомныя. У той самы час, яны прызналіся, што гвалтаўнік, накрычаў на іх і сказаў сысці. Пра тое, што сталі сведкамі сэксуальнага гвалту, яны даведаліся толькі са СМІ. Пасля гэтага жанчыны самі заявілі ў паліцыю.
Жыхары Варшавы, якія праходзілі міма, не чуўшы крыкі ахвяры, бо, з усяго відаць, яна ўжо была без прытомнасці, выказалі здагадку, што пара займаецца сэксам на ўзаемную згоду. Калі б хто-небудзь выклікаў паліцыю, магчыма, Лізу можна было б выратаваць.
Малодшая інспектарка паліцыі Варшавы Малгажата Сакалоўска пракаментавала тое, што адбылося. Паводле ейных словаў, «пасіўнасць сведак абумоўленая эфектам размытай адказнасці». Як патлумачыла Сакалоўска, ён заключаецца ў тым, што прысутнасць іншых прыводзіць да здагадкі, што нехта іншы распачне дзеянне або ўжо адрэагаваў. Яна таксама згадала «сілу сацыяльных нормаў», якая азначае, што ў складаных сітуацыях людзі сочаць за рэакцыяй іншых, каб ацаніць сур'ёзнасць сітуацыі.
У сваю чаргу вядомы польскі крыміналіст прафесар Пётр Крушынскі заявіў, змусіць сведкаў да адказнасці за тое, што яны не дапамаглі 25-гадовай жанчыне, не атрымаецца.
«Абвінавачанне і наступнае пакаранне за неаказанне дапамогі можа быць абвешчана толькі асобе, у дачыненні да якой даказана, што яна ведала пра небяспеку для здароўя і жыцця пацярпелага. У такім выпадку гэта практычна немагчыма, паколькі сведкі кажуць, што думалі, што гэта быў проста сэкс», – растлумачыў эксперт.
23-гадовы Дорыян С., які падазраецца ў згвалтаванні і забойстве жанчыны, знаходзіцца пад вартай. Нападнік, якім, на думку паліцыі, быў Дорыян С., збіў дзяўчыну, душыў яе, а калі яна страціла прытомнасць, згвалтаваў яе. Страціўшы прытомнасць, яна не магла паклікаць на дапамогу.
Яго арыштавалі праз некалькі гадзінаў пасля нападу. Яму пагражае пажыццёвае зняволенне. Запісы камераў відэаназірання дапамаглі затрымаць злачынцу. У ягонай кватэры знайшлі кнігу пра забойствы і згвалтаванні. Дорыян С. раней быў судзімы за наркотыкі і крадзеж.