1 верасня 2024, Нядзеля, 1:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Справядлівасць абавязкова пераможа

Зміцер Бандарэнка: Справядлівасць абавязкова пераможа
ДЗМІТРЫЙ БАНДАРЭНКА
ФОТА: CHARTER97.ORG

Хто вінаваты ў нанясенні велізарнай эканамічнай шкоды Беларусі?

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка пракаментаваў канфіскацыю кватэры сваёй жонкі ў Менску.

- Зусім нядаўна мае сябры, якія жывуць у Літве, распавялі мне, што на беларускім прапагандысцкім канале АНТ быў паказаны сюжэт пра тое, як супрацоўнікі беларускага КДБ узламалі нібыта маю кватэру ў Менску, правялі там ператрус і наклалі арышт на кватэру і ўсю маёмасць, якая там знаходзіцца. Інфармацыя, вядома, не ўзрадавала, але здзівіла тое, што ўсе гэтыя незаконныя дзеянні, паводле слоў тэлевядоўцы АНТ, былі ўчыненыя для кампенсацыі шкоды, нанесенай Рэспубліцы Беларусь эканамічнымі санкцыямі Захаду, якія нібыта былі ўведзеныя праз мае заклікі да гэтага самага Захаду.

У сувязі з гэтым хачу паведаміць супрацоўнікам КДБ і беларускай пракуратуры, якія вядуць гэтую справу, а таксама шырокай грамадскасці наступнае:

1. Эканамічныя санкцыі супраць Беларусі ўведзены праз удзел цяперашняга рэжыму ў агрэсіўнай вайне супраць Украіны, праз незаконную пасадку еўрапейскага самалёта з грамадзянамі EЗ у менскім аэрапорце для правядзення інфармацыйна-вайсковага шоў з удзелам даволі вядомага Рамана Пратасевіча, а таксама з-за арганізаваных уладамі Беларусі гібрыдных памежных атак у дачыненні да дзяржаў-суседзяў Беларусі: Польшчы, Літвы і Латвіі.

2. Прызнаю, што ў сваіх інтэрв'ю незалежным беларускім і міжнародным медыям я заклікаў і заклікаю да ўвядзення эканамічных санкцый з боку дэмакратычных краін Еўразвязу, ЗША і Канады з мэтай спынення масавых рэпрэсій у Рэспубліцы Беларусь і неадкладнага вызвалення ўсіх беларускіх грамадзян, якія знаходзяцца за кратамі за за абарону сваіх канстытуцыйных правоў. Свае дзеянні тлумачу тым, што вызваленне палітвязняў Беларусі і часовае спыненне рэпрэсій заўсёды здзяйснялася пад ціскам эканамічных санкцый дэмакратычных краін свету, якія ўтрымлівалі гэтыя патрабаванні. Гэта я ведаю як з уласнага досведу, так і з досведу іншых незаконна рэпрэсаваных. На жаль, мае заклікі да ўвядзення санкцый з патрабаваннем вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў «калектыўным Захадам» пачутыя не былі і людзі далей гібеюць у турмах і калоніях.

3. Таму галоўным вінаватым нанясення вялізнай эканамічнай шкоды Беларусі праз ўвядзенне заходнімі краінамі эканамічных санкцый з'яўляецца грамадзянін Лукашэнка А.Г., месца пражывання якога мне невядомае.

4. Уласнікам незаконна арыштаванай кватэры з моманту яе прыватызацыі з'яўляецца мая жонка Вольга, якая з'яўляецца пенсіянеркай Рэспублікі Беларусь і ніякага іншага жылля не мае. Я не з'яўляюся нават суўладальнікам гэтай кватэры і на працягу апошніх 12 гадоў тамака проста не з'яўляўся. Мая жонка рэгулярна аплачвае ўсе камунальныя паслугі звычайнымі тарыфамі. Бо ў адпаведнасці з так званым «дэкрэтам аб дармаедах» аплата камунальных паслуг, калі б я быў суўладальнікам кватэры, павінна была б ажыццяўляцца «драконаўскімі» падвышанымі тарыфамі. Гэта значыць чыноўнікам і сілавікам добра вядома, што суўладальнікам гэтай кватэры я не з'яўляюся.

5. У сувязі з тым, што я не магу прыехаць у Беларусь праз пагрозу арышту і ведаючы з сюжэту АНТ, што мае інтэрв'ю і каментары незалежным медыя рэгулярна праглядаюцца супрацоўнікамі КДБ, іншых сілавых ведамстваў, прапагандыстамі і чыноўнікамі гэтай улады, хачу папярэдзіць гэтую катэгорыю грамадзян Рэспублікі Беларусь аб крымінальнай адказнасці за ажыццяўленне незаконных дзеянняў.

Справядлівасць абавязкова пераможа.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках