1 верасня 2024, Нядзеля, 1:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міска поліўкі ў абмен на суверэннае першародства

5
Міска поліўкі ў абмен на суверэннае першародства

Пра сапраўднага здрадніка беларускага народа.

Тры дні спрабаваў зразумець, пра што такое важнае дамовіліся з Пуціным, калі ён прыязджаў. Бо пра нешта важнае ж дамовіліся.

Тэлевізар пра гэта ўжо чацвёрты дзень расказвае з вельмі шматзначным выглядам. Тэлевізар, я думаю, дарма расказваць не будзе. Асабліва са шматзначным выглядам. Таму я пра гістарычныя дамоўленасці нават не сумняваўся. Але хацелася ўсё ж зразумець некаторыя дэталі.

А потым я зразумеў, чаму я не магу зразумець гэтыя дэталі. Бо гістарычныя дамоўленасці ёсць, а дэталяў у іх няма. Таму я гэтыя дэталі не магу зразумець. Бо там няма чаго разумець. Было б мне што разумець, дык я адразу б усё зразумеў.

Напрыклад, сёй-той даўно хацеў, каб Пуцін даў яму расейскі кошт газу. І я сабе думаў, што гэтым разам ужо мог бы і даць. Бо, з аднаго боку, расейскаму газу ўсё роўна ўжо няма чаго страчваць. А з іншага боку - супольніку ў складаных геапалітычных абставінах было б прыемна.

Але не. Не ўшанаваў. Замест газу расейскімі коштамі паабяцаў абмеркаваць “канчатковы алгарытм збліжэння коштаў газу” пасля 2026 года. І улічваючы, колькі разоў абяцалі абмеркаваць гэты канчатковы алгарытм, "пасля 2026" года - гэта такі эўфемізм для слова "ніколі". Проста казаць у гасцях слова "ніколі" не вельмі ветліва.

І калі табе шкада супольніку газу ўнутрырасейскімі коштамі, то можна ж было паабяцаць супольніку грошай. Грошы супольніку ніколі лішнімі не бываюць. Бо вайна вайной, а капейка да капейкі - рубель.

А не хочаш даваць новых грошай, дык прабач хаця б старыя пазыкі. Вось з красавіка Мінфін пачаў аддаваць крэдыт за будаўніцтва атамнай станцыі. А ў Мінфіна грошай куры не дзяўбуць. У тым сэнсе, што няма чаго дзяўбці. Дык калі хацеў бы зрабіць супольніку прыемнае, то мог бы адкласці яму пачатак выплат яшчэ на год. Тым больш, што раней шмат разоў адкладаў.

Ну і калі супольнікам бывае няма чаго сказаць пра гістарычныя дамоўленасці, то яны звычайна гавораць пра скасаванне роўмінгу. Ёсць у супольнікаў такія гістарычныя практыкі з 2013 года.

І вось скасаванне роўмінгу сапраўды нічога б не каштавала расейскім дзяржаўным фінансам. Але нават гэты сціплы, абсалютна бескарысны падарунак супольніку Пуцін пашкадаваў. Хаця, я думаю, што пашкадаваў не ад сквапнасці. А каб другім разам зноў было пра што пагаварыць.

І вось што выходзіць? Выходзіць, ты прадаў сваё суверэннае першародства за міску сачавічнай поліўкі, а табе нават поліўкі пасёрбаць не даюць. Так, калі шчыра. Ну, таму што, навошта плаціць больш, калі дзявацца ўсё адно няма куды? І навошта ўвогуле плаціць, калі можна не плаціць?

Telegram-канал "Лісты да дачкі"

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках