18 лiпеня 2025, Пятніца, 22:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Forbes: Войска ЗША ўпершыню паспяхова выкарыстала лазер у баявых умовах

3
Forbes: Войска ЗША ўпершыню паспяхова выкарыстала лазер у баявых умовах

Такога дагэтуль нікому не ўдавалася.

Пасля паўстагоддзя суцэльных няўдач Пентагону, магчыма, удалося стварыць баявы лазер, які сапраўды працуе. Як піша Forbes, лазер войска ЗША упершыню збіў беспілотнік у баявых умовах.

У пачатку траўня начальнік аддзела закупак войска ЗША Даг Буш сказаў выданню, што амерыканскім вайскоўцам удалося збіць беспілотнік з дапамогай лазера ў баявых умовах. Але зараз афіцыйныя прадстаўнікі Пентагона адмаўляюцца публічна пацвярджаць ці зняпраўджваць гэтую інфармацыю.

Аўтар публікацыі пагутарыў з Джонатанам Манімейкерам, генеральным дырэктарам кампаніі BlueHalo, вытворцам вайсковага лазера LOCUST, які "пачалі эксплуатаваць" за мяжой у лістападзе 2022 года. Ён таксама не стаў нешта пацвярджаць або зняпраўджваць, але прызнаўся, што салдаты, якія выкарыстоўвалі гэты лазер, "выказалі асабістую падзяку за абарону, якую ён дае".

Як адзначае Forbes, Пентагон хацеў ператварыць лазер у зброю адразу, як гэтая тэхналогія была вынайдзеная. “Здавалася, лазер быў менавіта тым, што шукалі вайскоўцы. У 1962 годзе, усяго праз два гады пасля першай лабараторнай дэманстрацыі лазера, праект Пентагона Defender ужо меў на мэце збіваць савецкія ракеты”, - піша выданне.

Ужо ў 1973 годзе пераемнік Defender збіў беспілотнік-мішэнь на авіябазе Кертлэнд у Нью-Мексіка, але тэхналогію так і не ўдалося ператварыць у практычную зброю. Пасля гэтага паспяховую працу баявых лазераў дэманстравалі яшчэ не раз у рамках розных праектаў, але ні разу апарат не ўдавалася зрабіць прыдатным да выкарыстання ў рэальных умовах.

Вайскоўцы ЗША зараз маюць прыкладна 31 розную праграму баявых лазераў. Некалькі з іх зараз сапраўды стаяць на баявым дзяжурстве для абароны амерыканскіх войскаў і караблёў ад невялікіх беспілотнікаў, якія выкарыстоўваюць еменскія хусіты і паўстанцы ў Іраку. Аб некаторых з іх ужо вядома, што яны атрымалі дрэнныя водгукі.

Напрыклад, салдаты раскрытыкавалі сістэму супрацьпаветранай абароны малой далёкасці Directed Energy Maneuver, усталяваную на баявой машыне Stryker, за "значныя разыходжанні паміж вынікамі ў лабараторыі і тэставага палігону і фактычным тактычным разгортваннем".

“Мова, якую выкарыстоўвалі салдаты ў дачыненні да гэтых “разыходжанняў”, магла быць менш тактоўнай”, - дадае Forbes.

Як растлумачыў аўтару артыкула вышэйзгаданы вытворца лазера LOCUST, для выкарыстання ў баявых умовах не так важна намінальная магутнасць лазера, як здольнасць правільна сфакусаваць яго прамяні на цэль.

"Што адрознівае LOCUST ад іншых лазераў, дык гэта тое, што мы маем першакласныя сродкі факусоўкі, навядзення і кіравання промнем", – кажа Манімейкер і дадае, што вялікая магутнасць з'яўляецца толькі спробай кампенсаваць дрэнную дакладнасць факусоўкі.

Як адзначае Forbes, лазеры з бясконцым боезапасам і нізкім коштам за стрэл з'яўляюцца ідэальным сродкам процідзеяння танным, але смяротным беспілотнікам.

“Улічваючы, што на гарызонце кішыць беспілотнікамі - толькі Украіна плануе пабудаваць два мільёны беспілотнікаў у гэтым годзе - тактычныя лазеры, магчыма, будуць станавіцца ўсё больш важнымі для выжывання наземных сіл. Прыемна ведаць, што яны працуюць”, - рэзюмуе выданне.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках