23 красавiка 2025, Серада, 7:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрапейскі суд абавязаў «Газпрам» заплаціць $14 мільярдаў

17
Еўрапейскі суд абавязаў «Газпрам» заплаціць $14 мільярдаў

За спыненне паставак газу ў Нямеччыну.

Міжнародны арбітраж у Стакгольме задаволіў пазоў нямецкага энэргетычнага канцэрна Uniper да «Газпраму» аб выплаце кампенсацыі на суму, большую за 13 млрд еўраў ($14 млрд) і спыненне паставак газу ў Нямеччыну.

Як паведаміла Uniper у сераду, пастанова была прынятая 7 чэрвеня і датычыцца парушэння газавых кантрактаў расейскай кампаніяй з сярэдзіны 2022 года.

Згодна з вердыктам арбітражу, усе сродкі, якія могуць быць спагнаныя з «Газпрама», будуць паступаць непасрэдна ўраду Нямеччыны, які стаў уладальнікам Uniper пасля таго, як кампанія апынулася на мяжы банкруцтва.

У мінулым найбуйнейшы пакупнік расейскага газу ў Нямеччыне і адзін з інвестараў праекта «Паўночны струмень – 2», Uniper перастаў атрымліваць расейскі газ у кантрактных аб'ёмах неўзабаве пасля таго, як прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін запатрабаваў аплачваць яго «ў рублях». Пастаўкі цалкам спыніліся ўвосень 2022 года, калі ў Балтыйскім моры былі ўзарваныя тры ніткі «Паўночных струменяў». У выніку Uniper быў змушаны закупляць газ на спотавым рынку рэкорднымі коштамі. Каб выратаваць кампанію ад фінансавага краху, урад ФРГ выдзеліў 29 млрд еўраў, а затым вымушаны быў яе нацыяналізаваць.

У сувязі з пастановай арбітражу Uniper разрывае доўгатэрміновыя кантракты на куплю расейскага газу, у рамках якіх «Газпрам» павінен быў пампаваць у ФРГ 24 млрд кубаметраў на год. Вердыкт суда «дае юрыдычную яснасць для Uniper», заявіў гендырэктар кампаніі Майкл Льюіс: «Атрымаўшы права спыніць дамовы згодна з пастановай арбітражу, мы спыняем дзеянне дамоваў з «Газпрам экспартам».

Пастанова суда на карысць Uniper можа стаць толькі пачаткам: агульная сума пазоваў, пададзеных да «Газпраму» праз спыненне паставак газу на еўрапейскі рынак, набліжаецца да $20 млрд.

Акрамя Uniper яшчэ блізу $1 млрд ад «Газпрама» запатрабаваў RWE – іншы нямецкі імпарцёр газу, які атрымліваў 1 млрд кубаметраў на год. Французская Engie запатрабавала ад «Газпрама» амаль $1,3 млрд з улікам імпарту на 2 млрд кубаметраў на год, ацэньваў раней аналітык БКС Рональд Сміт. Італійская Eni падала пазоў у траўні 2023 года, не раскрываючы яго суму. Аднак з улікам аб'ёму закупаў - блізу 20 млрд кубаметраў штогод - ён можа вылічацца мільярдамі еўраў, як і ў нямецкіх імпарцёраў.

Тады ж, у траўні 2023 года, кампенсацыі страт ад «Газпрама» запатрабавала польская Europol Gaz. Кампанія, якая кіравала польскім адцінкам трубаправода «Ямал-Еўропа», які пампаваў газ з Заходняй Сібіры спажыўцам у Нямеччыне, падала пазоў на 6 млрд злотых, або $1,45 млрд за парушэнне ўмоў кантракту. У траўні 2024 года 400 млн еўраў ад «Газпрама» запатрабавала балгарская «Булгаргаз».

Са слоў крыніц Reuters у юрыдычных колах, Uniper не мае ілюзій, што «Газпрам» у рэальнасці заплаціць прысуджаную арбітражам кампенсацыю. Згодна са справаздачнасцю расейскай кампаніі, грошай на выплаты ўсім пазоўнікам у яе папросту няма. На 31 снежня запасы грошай і іх эквівалентаў на рахунках «Газпрама» складалі 1,426 трлн рублёў, або $15,5 млрд. За год газавая манаполія ўпершыню за чвэрць стагоддзя атрымала чыстую страту па МСФС, а яе сума - 629 млрд рублёў - стала рэкорднай за ўвесь час, што існуе кампанія.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках