Стратэгічны ядзерны бамбавік B-52H нечакана з'явіўся каля Калінінграда
27- 12.06.2024, 15:16
- 21,834

Адкуль узляцеў амерыканскі самалёт, невядома.
У сераду, 12 чэрвеня, стратэгічны бамбавік B-52H Stratofortress ВПС ЗША разам са швэдскімі знішчальнікамі і супрацьлодкавым самалётам P-3 Orion ВМС Нямеччыны выйшлі на рубяжы пуску ядзерных ракет, цэллю якіх з'яўляецца расейскі Калінінград. Пра гэта паведамляе Telegram-канал «Реальна Війна».
Вядоўцы канала апублікавалі звесткі рэсурсу flightradar24, паводле якіх амерыканскі бамбавік быў заўважаны ў небе над Балтыйскім морам ля ўзбярэжжа Швэцыі.
На скрыншотах можна ўбачыць, што самалёт знаходзіўся ў небе больш за дзве гадзіны.


«Непасрэдна цяпер амерыканскі бамбавік адпрацоўвае выхад на пускавыя рубяжы ядзерных ракет па Калінінграду», – гаворыцца ў допісе.
Між тым месца вылету бамбавіка не ўдакладняецца. Хоць раней той жа канал паведамляў аб аналагічным вылеце амерыканскага самалёта ў бок Калінінграда. Так 8 чэрвеня бамбавік B-52H ВПС ЗША ўзляцеў з вайсковай авіяцыйнай базы Фэрфард на тэрыторыі Вялікай Брытаніі і здзейсніў манеўр па адпрацоўцы ядзернага ўдару па тэрыторыі РФ.
Гэтыя вылеты, імаверна, звязаныя з найбуйнейшымі вайсковымі вучэннямі сіл NATO ў Балтыйскім моры - BALTOPS 24, якія праводзяцца з 7 да 20 чэрвеня. У іх задзейнічаныя 9 тысяч жаўнераў, 50 вайсковых караблёў і 80 самалётаў.