З расейскага войска ўцякаюць найміты са Шры-Ланкі
3- 12.06.2024, 16:27
- 7,294

Акупанты прывабліваюць іх абяцаннямі вялікіх грошай.
Не менш за 22 грамадзян Шры-Ланкі, якія ваявалі супраць Украіны на баку Расеі, змаглі дэзерціраваць і вярнуцца на радзіму, паведаміў AFP прадстаўнік Мінабароны краіны Ален Хіт.
«Іх падманулі», - падкрэсліў чыноўнік. Адзін з тых, хто вярнуўся, 37-гадовы Аніл Мадусанка, які працаваў кіроўцам у гатэлі, расказаў, што яму абяцалі такую ж работу ў Расеі, але замест гэтага ўзброілі і адправілі на лінію фронту ва Украіне. Там ён прабыў сем тыдняў і атрымаў шрапнэльнае раненне абедзвюх ног. З лякарні Мадусанка ўцёк у пасольства Шры-Ланкі, якое дапамагло яму вярнуцца на радзіму.
З яго слоў, многія ланкійцы сутыкнуліся з эканамічнымі праблемамі, якія вымусілі іх шукаць заробак у Расеі ці ва Украіне. Некалькі ланкійцаў, якія знаходзяцца ў Расеі, паведамілі Al Jazeera, што іх прыцягнулі абяцаннямі плаціць да $3 тысяч на месяц і перспектывай атрымаць расейскае грамадзянства.
Паводле звестак AFP, расейскія вярбоўшчыкі размяшчалі ў групах былых вайскоўцаў у WhatsApp рэкламу аб працы ў Расеі са штомесячным заробкам, большым за $2,1 тысячы, што ў 13 разоў вышэй за сярэдні даход у краіне.
Шры-Ланка дагэтуль захоўвала нейтралітэт у дачыненні да вайны Расеі супраць Украіны, але паведамленні аб вярбоўцы грамадзян выклікалі напружанасць, адзначае AFP. Паліцыя краіны арыштавала двух адстаўных генералаў, якія займаліся наборам наймітаў на вайну, а таксама яшчэ шэсць чалавек, якія дапамагалі ім з лагістыкай. Усім арыштаваным абяцаюць «суровыя пакаранні».
Усяго ўлады Шры-Ланкі атрымалі не менш як 288 скарг ад сваякоў тых, хто быў завербаваны ў расейскае войска. Таксама вядома аб гібелі 16 чалавек і 37 параненых. Пры гэтым, паводле папярэдніх звестак, якія агучыў кіраўнік МЗС краіны Тарака Баласурыя, у Расеі знаходзяцца амаль 600-800 грамадзян Шры-Ланкі.