«Такую сітуацыю цяжка было сабе ўявіць яшчэ некалькі гадоў таму»
6- 12.06.2024, 20:02
- 26,198

Як зменіцца Еўрапарламент пасля выбараў?
Скончыліся выбары ў Еўрапейскі парламент. Эксперты звяртаюць увагу на трыумф так званых ультраправых, аднак яны не атрымалі большасці.
Ці зменіцца Еўрапарламент? Пра гэта і не толькі сайт Charter97.org пагаварыў са славацкім палітолагам і прэзідэнтам Інстытута грамадскіх праблем (IVO) (Браціслава) Рыгорам Месежнікавым.
- Я б наогул не казаў пра нейкі трыумф. Так, сапраўды, у некаторых краінах правыя даволі паспяхова выступілі, але ў некаторых краінах яны ўвогуле не змаглі правесці сваіх прадстаўнікоў у Еўрапарламент. Калі паглядзець паводле статыстыкі, якім чынам быў сфармаваны Еўрапарламент у 2019-м годзе, то ў правых, калі мець на ўвазе фракцыю Identity and Democracy (Ідэнтычнасць і дэмакратыя - правая і ўльтраправая палітычная група Еўрапейскага парламента, заснаваная 13 чэрвеня 2019 года, - рэд.), агульная колькасць мандатаў нават крыху зменшылася, мяркуючы паводле папярэдніх звестак.
Па-сапраўднаму паспяхова выступіла Марын Ле Пэн са сваёй партыяй. У Нямеччыне правыя паказалі высокі вынік, але іх пару тыдняў таму выключылі з ID, так што яны будуць па-за партыйнымі групамі. А ва ўсім астатнім, я думаю, мэйнстрым застаўся ў сваім ранейшым стане, за выключэннем лібералаў, якія сапраўды страцілі значную колькасць мандатаў. Але гэта акурат за кошт няўдачы партыі Макрона ў Францыі.
Кансерватары, т. б., Еўрапейская народная партыя і ўмераныя левыя, г.зн., сацыял-дэмакраты, агулам свае пазіцыі захавалі. У кожным выпадку гэтая экзэкутыўная (выканаўчая) кааліцыя, якая зараз, мяркуючы з усяго, будзе сфармаваная зноў, захавала перавагу. Калі я не памыляюся, у іх 400 месцаў з 720.
Так што ў правых не будзе такой пазіцыі, якая б ім дазволіла б па-сапраўднаму заблакаваць Еўрапарламент. Зразумела, што яны не будуць часткай той кіроўнай кааліцыі, якая сфармуе Еўракамісію са сваіх прадстаўнікоў. Таму чаканні, што правыя ўжо вельмі моцна будуць святкаваць свой поспех, не зусім апраўдаліся.
- Ці чакаць нейкіх змен у дачыненні да дапамогі Украіне?
- Калі гэтая кааліцыя захаваецца (ЕНП, сацыял-дэмакраты і лібералы), то асаблівых змен, як мне здаецца, не будзе. Калі глядзець па рэакцыях урадаў асобных дзяржаў Еўразвязу, то апошнім часам акурат узмацнілася ўсведамленне важнасці сітуацыі, звязанай з расейскай агрэсіяй, і падтрымка Украіны нават умацавалася палітычна.
Такую сітуацыю цяжка было сабе ўявіць яшчэ некалькі гадоў таму. Як мінімум — калі паглядзець, што гавораць палітыкі гэтых трох кірункаў. Яны ўжо нават дапускаюць магчымасць непасрэднай дапамогі Украіне сваімі інструктарамі, лічы - Узброенымі сіламі. Яны зараз перадаюць Украіне больш эфектыўную зброю, так што ў гэтым кірунку асаблівых змен, напэўна, не будзе.
Што тычыцца асобных дзяржаў, то Макрон зараз абвясціў новыя датэрміновыя выбары ў Францыі. Паглядзім, чым гэта ўсё скончыцца. Я думаю, што ён мае намер прадухіліць перамогу Марын Ле Пэн. Ці здолее ён ці не, цяжка пакуль сказаць, але сітуацыя там сапраўды можа памяняцца. Аднак, мяркуючы з апошніх публікацый у СМІ, нават згаданая Ле Пэн ужо так адкрыта па-прарасейску не выступае. Яна ўжо ставіцца да дапамогі Украіне больш лаяльна, не выступае за яе скасаванне.
Агулам можна сказаць, што прыйшло ўсведамленне таго, што агрэсіўная палітыка Расеі пачынае ўжо па-сапраўднаму пагражаць і Еўропе. Яна і да гэтага стварала, мякка кажучы, некамфортную сітуацыю для Захаду, а цяпер увогуле Еўропа зразумела, што Расея не збіраецца саступаць па Украіне, і што калі Масква і гаворыць пра нейкае мірнае развязанне, то мае на ўвазе мір з улікам тых акупаваных тэрыторый, якія хоча сабе пакінуць. Гэта поўнае парушэнне ўвогуле ўсіх прынцыпаў міжнароднага права і правіл, якія былі ўстаноўленыя ў Еўропе і свеце пасля Другой сусветнай вайны.
Яшчэ і да вайны супраць Украіны Расея гэтыя правілы парушала і ў Грузіі, і ў Малдове, але гэта ўсё разглядалася як нейкі пэўны эксцэс. А зараз еўрапейскія краіны ўжо падыходзяць да Расеі як да сістэмнага парушальніка прынцыпаў міжнароднага права. Я думаю, што нават частка гэтых правых усведамляе гэта. У Нідэрландах, напрыклад, у іх таксама быў паказаны нядрэнны вынік, Герт Вілдэрс (лідар «Партыі свабоды» (PVV), - рэд.) дамогся добрых вынікаў. У Вілдэрса таксама могуць быць нейкія змены ў падыходзе да гэтага пытання, хоць пакуль я гэтага не заўважыў. Ён увогуле чалавек празаходні сам па сабе, ён не супраць супрацоўніцтва ў рамках НАТА, хоць і зняпраўджвае палітыку Еўразвязу ў той форме, у якой яна зараз існуе, асабліва ў галіне міграцыі. Але мне цяжка ўявіць, каб ён перайшоў цалкам на бок Расеі.
Так што імавернасць таго, што Еўропа будзе ставіцца да гэтай вайны па-ранейшаму, знаходзячыся на баку Украіны і нават узмацняць яе падтрымку, будзе яшчэ вышэйшай.
- Як гэтыя выбары паўплываюць на пазіцыю Брусэля ў дачыненні да Лукашэнкі? Ці ёсць у новым складзе Еўрапарламента тыя, хто гатовы з ім размаўляць?
- Магчыма, такія людзі ёсць сярод вельмі левых ці адкрытых правых эсктрэмістаў, да прыкладу са Славаччыны, якія не ўваходзяць у ID. Сярод правых ёсць група тых, хто не вызначыўся, гэта некаторыя новыя партыі, трэба паглядзець на іх прэферэнцыі. У Чэхіі, дарэчы, з'явіліся ў мясцовай палітыцы нейкія дзіўныя прарасейскія маргіналы. Ад іх у Еўрапарламент прайшоў адзін кандыдат. А тыя, хто выступае з прарасейскіх пазіцый, яны аўтаматычна гэтак жа ставяцца і да Лукашэнкі і Беларусі.
Тут патрэбны больш падрабязны аналіз, але ўжо можна сказаць, што для некаторых краін гэта прынцыповае пытанне. Па-першае, Беларусь мяжуе з Польшчай, а ў Еўрапарламент ад яе ўвайшлі партыі, якія традыцыйна крытычна ставяцца да Лукашэнкі. Там, праўда, ёсць «Канфедэрацыі», якой удалося заняць дэпутацкіх шэсць месцаў, але ўсё ж цяпер там фармуюцца суадносіны сіл, якія будуць працягваць ставіцца да Лукашэнкі востра крытычна.