8 лютага 2025, Субота, 7:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жонка загінулага беларускага добраахвотніка Васіля Парфянкова пайшла на вайсковую службу

8
Жонка загінулага беларускага добраахвотніка Васіля Парфянкова пайшла на вайсковую службу

Цяпер яна ў «вучэбцы».

З пачатку расейскага ўварвання ў 2014 годзе Алена, жонка загінулага ва Украіне беларускага добраахвотніка Васіля Парфянкова, была валанцёркай і інструктаркай у тактычнай медыцыне - яна зарэгістравала грамадскую арганізацыю, якая праводзіла адпаведныя трэнінгі для вайскоўцаў.

«Дзеці засталіся з маімі бацькамі ў Кіеве», - паведаміла «Радыё Свабода» Алена. У Васіля і Алены нарадзіліся сын Мілан і дачка Саламея. Таксама разам з імі жыў Любамір - старэйшы сын Алены.

Алена Гергель думае, што ўкраінскаму войску вельмі патрэбныя матываваныя людзі. «Патрэбныя патрыёты, людзі, якія прагнуць перамогі», - пераканана яна.

З яе слоў, больш дакладна сфера яе службы будзе вызначаная праз месяц пасля так званай «вучэбкі».

Алена Гергель паведаміла, што некалькі дзён таму на фронце загінуў кіраўнік добраахвотніцкага руху «АУН» Мікалай Каханіўскі. У ягоным батальёне з 2014 года ваявалі беларусы, у тым ліку і яе муж Васіль Парфянкоў. Мікалай Каханіўскі заўсёды падтрымліваў патрыятычны рух беларусаў — удзельнічаў у акцыях салідарнасці з затрыманымі ў Беларусі падчас пратэстаў, з палітвязнямі, выступаў супраць паглыблення інтэграцыі Беларусі і Расеі.

«Ён загінуў пад Ваўчанскам (Харкаўская вобласць. - заўв.). Нядаўна я перадавала яму і яго хлопцам аптэчкі. Дагэтуль не магу паверыць. Апошнія нітачкі з мінулым разарваныя, ужо ніколі не будзе як раней», - сказала яна.

Алена кажа, што ад такіх вестак яна становіцца толькі «злейшай, і ўсё».

«І таму я прыняла гэтую цяжкую пастанову, бо вельмі люблю дзяцей, але ў нас ні ў каго не будзе жыцця, калі мы не пераможам. Ні мяне, ні дзяцей не будзе ўвогуле. У Саламеі на днях выпуск у садку, які я прапушчу, бо не змагу прысутнічаць, але ёсць вышэйшая мэта. І шмат чаму акурат я навучылася ў Мікалая Каханіўскага», — адзначыла Алена Гергель.

Васіль Парфянкоў, як мяркуецца, загінуў 26 чэрвеня каля Лісічанска Луганскай вобласці. Ён быў разам з іншымі беларусамі з Палка імя Кастуся Каліноўскага на заданні - дапамагаў украінскім жаўнерам выйсці з горада. Яго цела пакуль няма магчымасці вярнуць на падкантрольную Украіне тэрыторыю.

Васіль Парфянкоў быў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча ў намінацыі «За асабістую мужнасць», якую ўручае сайт Charter97.org.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках