УСУ ліквідавалі дронам расейскі «Град» за 31 км ад фронту
- 15.06.2024, 13:09
- 3,018

Дронаводы 43-й брыгады ўстанавілі рэкорд.
УСУ паспяхова пашыраюць зону выкарыстання дронаў FPV у вайне з Расеяй. Зафіксавана ўдалае выкарыстанне гэтага БПЛА больш як за 30 км ад лініі баявога судакранання.
Відэа было апублікаванае ўвечары 14 чэрвеня на канале батальёна ўдарных беспілотных авіясістэм "Нябесная мара" са складу 43-й брыгады УСУ.
Ваяры патрапілі ў расейскую рэактыўную сістэму залпавага агню (РСЗА) "Град" за 31 км ад лініі фронту. Выстарычла аднаго ўдару, каб цалкам знішчыць баявую машыну супраціўніка.
«Ой, падла, гарыць! І БК гарыць! Зірні які выбух! Добры! Там ужо няма чаго дабіваць. Апусціся ніжэй, пакажы. Прыгожа!» - каментавалі відэа за кадрам украінскія дронаводы.
"Працуем так, каб вораг нідзе не адчуваў сябе ў бяспецы", - удакладнілі ў "Нябеснай мары".
Аперацыю пракаментаваў украінскі журналіст, вайсковы карэспандэнт Юры Бутусаў. Ён звярнуў увагу на тое, што FPV-дрон паспяхова адпрацаваў, нягледзячы на дзеянне расейскай сістэмы радыёэлектроннай барацьбы.
«Гэтая параза прэтэндуе на рэкорд у далёкасці вылету. Расейскі РСЗА «Град» атрымаў значныя пашкоджанні пасля нападу дрона-камікадзэ, які насуперак варожай РЭБ пераадолеў дыстанцыю на 31 км і пабіў тэхніку суперніка», - адзначыў ён.
Адзначым, што кошт адной устаноўкі "Град" складае каля $2 млн. Сілы абароны Украіны змаглі знішчыць яе беспілотнікам, які таннейшы ў сотні разоў.