«Чарга нерухома стаіць»
3- 16.06.2024, 11:17
- 10,542

Што адбываецца ў пунктах пропуску на мяжы Беларусі з краінамі ЕЗ.
Сітуацыя ў памежных пунктах на выездзе ў краіны ЕЗ не паляпшаецца. Са звестак Памежнага камітэта Беларусі на 8 раніцу, у чэргах - 700 легкавых аўтамабіляў. У чатах пішуць, што выезду ў Польшчу даводзіцца чакаць амаль дзень, паведамляе "Белсат".
“Уначы - мёртва. Амаль не рухаліся”, - пішуць у Telegram-чатах падаврожнікі, якія проста цяпер стаяць у чарзе перад пунктам пропуску “Варшаўскі мост – Тэрэспаль”.
Чакаць давялося амаль дзень.
На аўтобусе - хутчэй, але таксама доўга, не менш за 12 гадзін.
Са звестак памежнага камітэта Беларусі на 8 раніцы, у чарзе ў Берасці - 400 легкавікоў і 2 аўтобусы.
Пры гэтым адзначаюцца сур'ёзныя затрымкі перад "Тэрэспалем" на заезд у Беларусь. На легкавіках даводзіцца чакаць 16 гадзін.
“Чарга нерухома стаіць. Такое адчуванне, што нашыя не працуюць увогуле”.
Аўтобусам таксама не хутка: амаль 8-10 гадзін.
21 гадзіну даводзіцца чакаць і ў “Каменным Логу” вы наезд у Літву. Цяпер там, са звестак памежнага камітэта, 170 аўтамабіляў. Аўтобусаў у чарзе нібыта няма, але яны затрымліваюцца перад літоўскім кантролем, там іх 8, паведамляюць відавочцы. У суботу вечарам праходжання мяжы чакалі блізу 5 гадзін, а сённяшнім не пашанцавала: дагэтуль стаяць аўтобусы, якія прыехалі на пункты пропуску ноччу.
У "Беняконях", як пішуць у чатах, усё дрэнна. Падарожнікі сцвярджаюць, што на легкавых аўтамабілях давялося чакаць 28-29 гадзін. Літоўскія чыноўнікі ў сумежным пункце “Салечнікі” пільна даглядаюць рэчы і прымушаюць выкідваць запакаваныя прадукты. Са звестак памежнага камітэта Беларусі, там у чарзе зараз 100 аўтамабіляў. Пры гэтым аўтобусы прапускаюць хутка, патрабуецца некалькі гадзін, хаця "ўсе торбы ва ўсіх паглядзелі да дна". Цяпер аўтобуснай чаргі ў “Беняконях” няма.
Выезду ў Латвію даводзіцца чакаць блізу 7-8 гадзін. Цяпер у “Грыгароўшчыне” 30 легкавікоў.