FAZ: Больш за 2 тысячы мігрантаў дабраліся да Нямеччыны «беларускім маршрутам»
8- 16.06.2024, 11:32
- 7,500

Рэзкі рост колькасці нелегалаў адбыўся ў траўні.
Федэральная паліцыя зарэгістравала 2 215 несанкцыянаваных уездаў у Нямеччыну «беларускім маршрутам» на межах з Польшчай і Чэхіяй з пачатку студзеня да канца траўня.
Аб гэтым паведамілі прадстаўнікі ўладаў, піша Frankfurter Allgemeine Zeitung са спасылкай на DPA.
Калі ў студзені такіх выпадкаў было ўсяго 26, а ў лютым - 25, то ў сакавіку іх колькасць вырасла да 412, у красавіку - 861, а ў траўні, паводле папярэдніх звестак, - 891. З пачатку года ў Брандэнбургу быў зафіксаваны 1021 несанкцыянаваны уезд, у Саксоніі - 867, а ў Мекленбурге-Пярэдняй Памераніі - 327.
Нягледзячы на тэндэнцыю да росту, агульныя паказчыкі значна ніжэйшыя, чым летась, зазначаецца ў матэрыяле. Да канца траўня 2023 года Федэральная паліцыя выявіла блізу 6 тысяч несанкцыянаваных уездаў "беларускім маршрутам".
Польшча і Еўрапейскі звяз абвінавачваюць Расею і Беларусь у тым, што яны наўмысна дапамагаюць людзям з крызісных рэгіёнаў уязджаць у ЕЗ без дазволу, даючы ім візы і лагістыку. Гэта пачалося ў 2021 годзе, і зараз Польшча пабудавала агароджу вышынёй 5,5 метра на сваёй вонкавай мяжы з ЕЗ.
Польская памежная служба адзначае, што ўсё больш людзей спрабуюць перасячы мяжу нелегальна. З пачатку года там зарэгістравалі 16 500 такіх спроб. За той жа перыяд у 2023 годзе іх было 11 200.