Лукашысты адправілі ў калонію беларуску з разладам аўтычнага спектру
9- 17.06.2024, 11:24
- 15,728

У 33 гады ў яе паводзіны дзяўчынкі шасці гадоў.
Беларуску Вольгу Іванчанку прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі за каментары і «абразу Лукашэнкі».
Палітзняволеная Мілана (імя змененае з меркаванняў бяспекі гераіні) распавяла праваабарончай ініцыятыве «Палітвязынка», як сустрэла Вольгу ў гомельскай жаночай калоніі.
Вольга - жыхарка Магілёва, ёй 33 гады, у яе разлад аўтычнага спектру:
— У Вольгі паводзіны маленькай дзяўчынкі, гадоў шасці. <…> Яна вельмі сарамлівая, літаральна як дзіця. Вольга не можа размаўляць з людзьмі. Зусім. Калі з ёй больш-менш збліжаешся, яна з чалавекам не гаворыць, а шэпча. Ёй было вельмі цяжка, асабліва на праверках. Калі да яе звярталіся працаўнікі калоніі, ёй трэба было гучна і выразна назваць свае звесткі. Але яна шаптала ціха. І на яе крычалі, пыталіся, ці яна язык праглынула, - распавяла Мілана.
Аднойчы супрацоўніца калоніі спытала Вольгу, чаму яна так адказвае. Іншыя вязні патлумачылі, што ў дзяўчыны разлад аўтычнага спектру, кажа Мілана:
- Работніца не паверыла нам і сказала, што з такім дыягназам не саджаюць людзей у калонію. На наступны дзень відаць, кіраўніцтва калоніі пацвердзіла працаўніцы дыягназ Волі, і таму яна дазволіла на праверцы ёй проста ківаць.