Шматдзетнай маці далі шэсць гадоў калоніі паводле шасці артыкулаў
7- 12.07.2024, 10:15
- 6,638

ФОТА: З БАЗЫ «КІБЕРПАРТЫЗАНАЎ»
Сын-падлетак з інваліднасцю чакае яе на свабодзе.
Надзеі Лапцёнак (Ажгірэнцы) 51 год. Родам яна з буйной вёскі Новы Свержань Стаўбцоўскага раёна, паведамляе «Наша ніва».
Большую частку жыцця Надзея пражыла ў Менску. Даволі рана выйшла замуж, у 19 гадоў нарадзіла першую дачку, а праз год другую.
Працавала на вельмі простых працах — памочніцай выхавацелькі ў дзіцячым садку, санітаркай у лякарні і псіханеўралагічным інтэрнаце, у камбінаце "Вітамін", які корміць хворых, якія ляжаць у лякарнях. А ў 2004-м нарадзіла яшчэ адну дачку.
Тры дачкі Надзеі ўжо дарослыя. Малодшы сын Надзеі 2010-га года нараджэння і, паводле звестак праваабаронцаў, мае інваліднасць.
Надзею судзілі ў снежні 2023-га. Яе абвінавачвалі ў «закліках да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК), «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК), «распальванні варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК), «абразе прадстаўніка ўлады »(арт. 369), «уваходжанні ў склад экстрэмісцкага фармавання» (ч. 3 арт. 361) і «абразе суддзі» (арт. 369). Прысуд - шэсць гадоў калоніі.
Судзіў яе Сяргей Кацар, які лічыцца адным з самых жорсткіх палітычных суддзяў Беларусі. Ён працаваў з некалькімі дзясятках палітычных крымінальных спраў, паводле якіх прысудзіў дзясяткі, калі не сотні гадоў зняволення (у многіх са спраў прысуды невядомыя). І яшчэ ў вялікай колькасці адміністрацыйных спраў - толькі па вядомых ён прысудзіў блізу 1500 дзён арыштаў і больш за 27 тысяч рублёў штрафаў.

У сакавіку 2024 года прайшла апеляцыя, і прысуд Надзеі набыў моц. Цяпер яна ў гомельскай жаночай калоніі.
Неўзабаве яе ўнеслі ў спіс «экстрэмістаў», а пасля і «тэрарыстаў».