Кошты бензіну ў РФ імкліва ідуць уверх
1- 12.07.2024, 16:40
- 5,746

Крэмль мае намер вярнуць забарону на яго экспарт.
У Расейскай Федэральнай антыманапольнай службе (ФАС) выступаюць за вяртанне да забароны экспарту бензіну з 1 жніўня. Аб гэтым паведамляюць расейскія СМІ са спасылкай на прэс-службу антыманапольнага ведамства.
«Часовы дазвол экспарту ўводзіўся да канца ліпеня, на гэты момант падаўжэнне гэтага захаду не абмяркоўваецца», - гаворыцца ў паведамленні.
Як мяркуюць у ведамстве, абмежаванні на экспарт паліва дазволяць насыціць унутраны рынак у перыяд павышанага попыту, звязанага, у тым ліку з палявымі работамі і планавым рамонтам НПЗ.
Як адзначаюць расейскія СМІ, кошт бензінаў на біржы імкліва ідзе ўгору - практычна бесперапынны рост коштаў працягваецца з пачатку мінулага месяца.
Паводле некаторых звестак, з пачатку чэрвеня бензін маркі Аі-92 у РФ падаражэў у опце прыблізна на 20%, а Аі-95 – на 30%. Падаражэнне аптовых партый істотна перавысіла фактычны рост раздробных коштаў гэтых марак бензіну ў Расеі.