Прымежны бізнэс - усё?
14- 12.07.2024, 18:04
- 12,870

Як новыя абмежаванні ад ЕЗ паўплываюць на жыццё беларусаў.
Апошні пакет санкцый ЕЗ у дачыненні да Беларусі моцна закрануў фізічных асоб. Пад забарону на ўвоз у тым ліку для ўласнага карыстання патрапілі сотні тавараў.
«Наша ніва» паспрабавала разабрацца, як гэта адчуюць на сабе звычайныя беларусы.
Прымежны бізнэс - усё?
Пералік мытных кодаў тавараў, забароненых да экспарту ў Беларусь з 1 ліпеня 2024 года, займае больш за 30 старонак. У яго трапілі разнастайныя пазіцыі, пачынаючы ад кветак і раслін і заканчваючы гузікамі і падушачкамі для чарніла.
Сярод папулярных тавараў - батарэйкі, мабільныя тэлефоны, маніторы, праектары, мікрафоны, гукавыя ўзмацняльнікі, абагравальнікі, некаторыя тыпы тканіны, некаторыя аўтамабільныя запчасткі, покрыўкі для аўтобусаў і грузавікоў і многае іншае.
Першыя, па каму ўдарылі новыя абмежаванні, - чаўнакі, якія, нягледзячы на складанасці з атрыманнем віз і велізарныя чэргі, працягвалі займацца прымежным бізнэсам.
Чаўнакоў умоўна можна было падзяліць на два тыпы: прафесіяналы, для якіх паездкі ў Польшчу і Літву былі асноўным і нярэдка адзіным заняткам, і аматары, для якіх гэта хутчэй як падпрацоўка. Тым не менш, за чатыры паездкі ў Польшчу цягам месяца мог атрымацца нармальны беларускі заробак, які, хаця і не зусім легальным чынам, атрымлівалі жыхары памежжа.
Пацярпяць не толькі чаўнакі
Але новыя абмежаванні закрануць куды шырэйшыя колы людзей, чым можа падавацца на першы погляд.
Кошты тавараў, якія з нядаўняга часу забаронена везці ў Беларусь, вырастуць. Некаторыя пазіцыі могуць цалкам знікнуць з продажу, і выбар стане больш сціплым. Праз меншую канкурэнцыю на рынку могуць падаражэць аналагі тавараў, попыт на якія ўзрасце праз адсутнасць альтэрнатывы.
Знайсці замену частцы тавараў, якія патрапілі пад забарону на экспарт з Еўразвяза ў Беларусь, не атрымаецца. Пастаўшчыкі санкцыйных тавараў будуць дастаўляць іх у Беларусь альтэрнатыўнымі шляхамі.
А гэта даражэйшая лагістыка і дадатковыя выдаткі на пасярэднікаў з фірмамі-пракладкамі.
Усё гэта адаб'ецца на кошце тавараў.
Паралельна будзе расці залежнасць Беларусі ад Расеі - як фінансавая, так і лагістычная.
Багатыя таксама плачуць
Новы пакет санкцый безумоўна забараняе экспарт у Беларусь усякіх аўто коштам, большым за 50 тысяч еўраў.
Гэта азначае, што перагоншчыкі, якія працавалі ў прэміум-сегменце, больш не змогуць гэтага рабіць. Але, як і ў выпадку з чаўнакамі, пацярпяць ад гэтага не толькі самі перагоншчыкі.
Афіцыйныя дылеры таксама больш не змогуць гандляваць дарагімі аўтамабілямі з Еўропы.
Заможным беларусам давядзецца або перасаджвацца на новых «кітайцаў», або пераплачваць па 5-7 тысяч еўраў і дастаўляць падсанкцыйныя аўто праз Турцыю.