Расеец скраў з касы гульнявога клуба ў Магілёве амаль 25 тысяч рублёў
- 14.07.2024, 16:12
- 4,966
І паспрабаваў з'ехаць з Беларусі.
У міліцыю Магілёва звярнуўся прадстаўнік гульнявога клуба абласнога цэнтра і расказаў, што з касы арганізацыі было выкрадзена блізу 24500 беларускіх рублёў.
Вышукнікі высветлілі, што чужую гатоўку забраў сталы наведнік гульнявой установы, 42-гадовы мужчына, які нідзе не працуе, жыхар Смаленскай вобласці. Чарговы раз гульняман прыйшоў у клуб а пятай вечара, да раніцы наступнага дня гуляў у аўтаматы, прагуляўшы вялікую суму.
Раніцай, падышоўшы да барнай стойкі, ён убачыў, што адміністратара клуба няма. Каса і скрынка з гатоўкай засталіся пры гэтым без нагляду. Расеец нахіліўся пад барную стойку, вывучыў змесціва апарата і неўпрыкмет забраў грошы, а пасля пайшоў.
Затрымаць мужчыну здалелі пры спробе перайсці мяжу — з вялікай сумай грошай ён накіроўваўся ў суседнюю краіну.
На фігуранта распачалі крымінальную справу.