Улады хлусяць пра сітуацыю ў Мазыры
10- 17.07.2024, 10:14
- 12,884
Вады ў горадзе дагэтуль няма.
Жыхары Мазыра зняпраўджваюць у інтэрнэт-чатах сцверджанне ўлад аб аднаўленні водазабеспячэння ў горадзе.
У мясцовых Telegram-каналах людзі пішуць, што вады ў горадзе дагэтуль няма.
З назіранняў «Позірка» на адсутнасць вады ў Мазыры мясцовыя жыхары таксама скардзіліся ў вайбер-чатах і на іншых інтэрнэт-пляцоўках.
«Наконт адключэння вады. Тэлефанавала толькі што. Сказалі, што ўсё на генератарах, вада знікла зноў па ўсім горадзе. Наладзіцца пытанне са святлом - будзе і вада. Чакаем», - напісаў адзін з карыстальнікаў.
Аб аднаўленні водазабеспячэння ў Мазыры заявіў увечары 16 ліпеня першы намеснік міністра ў надзвычайных сітуацыях Аляксандр Худалееў.
Адпаведнае паведамленне апублікаванае ў тэлеграм-канале ведамства а 20.00. У каментары Худалееў кажа, што водазабеспячэнне ў горадзе адноўлена «некалькі гадзін таму».
«На даручэнне кіраўніка дзяржавы МНС супольна з органамі ўлады і суб'ектамі гаспадарання забяспечвае жыццядзейнасць насельніцтва пацярпелых рэгіёнаў», - сказаў чыноўнік.
«Задзейнічана больш за 200 генератараў, працуе блізу 260 аварыйных брыгад. Прымаюцца ўсе неабходныя меры для аднаўлення водазабеспячэння, электразабеспячэння населеных пунктаў», - дадаў ён.
Аб аднаўленні ў Мазыры электразабеспячэння раней за 16 ліпеня паведаміла Міністэрства энэргетыкі.
Мазыр, насельніцтва якога складае блізу 105 тысяч чалавек, стаў адным з найбольш пацярпелых ад непагадзі 14-15 ліпеня населеных пунктаў Гомельскай вобласці.