МЗС Польшчы: На мяжы з Беларуссю пазначыўся некаторы прагрэс
8- 19.07.2024, 10:08
- 11,022

Варшава чакае першага рэальнага кроку з боку рэжыму Лукашэнкі.
Польшча чакае першага рэальнага кроку з боку Беларусі, сказаў прэс-сакратар МЗС Польшчы Павел Уроньскі, адказваючы на пытанне аб паляпшэнні стасункаў дзвюх краін. Ягоныя словы са спасылкай на PAP падае WNP.
Ён нагадаў, што ўмовы прагрэсу ў стасунках вядомыя: гэта спыненне гібрыднай атакі і прывозу мігрантаў на мяжу.
- Тут пазначыўся некаторы прагрэс, і плынь мігрантаў апошнім часам скарацілася, - адзначыў Уроньскі.
Іншым патрабаваннем з'яўляецца расследаванне забойства польскага салдата Матэвуша Сітэка, які быў смяротна паранены нажом на мяжы з Беларуссю. Польшча патрабуе выдаць выканаўцу злачынства. Са слоўпрадстаўніка МЗС, ёсць ускосныя доказы таго, што гэты злачынец вядомы беларускаму боку. І яго выдача магла б быць пачаткам.
Уроньскі згадаў таксама вызваленне палітвязняў, у тым ліку польскага журналіста Анджэя Пачобута.