Андрэю Кудзіку з Вілейкі прысудзілі яшчэ чатыры гады калоніі
4- 19.07.2024, 18:40
- 6,814

За «дыскрэдытацыю».
У судзе Маладзечанскага раёна 18 ліпеня за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь» (арт.369-1 КК) у відэа ў TikTok асудзілі Андрэя Кудзіка з Вілейкі. У выніку мужчыне прызначылі чатыры гады калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і 400 базавых адзінак штрафу, піша «Вясна».
Андрэй Кудзік раней ужо адбываў тэрмін за ўдзел у акцыях пратэсту, яго асудзілі ў пачатку 2022 года. У лютым 2022-га года Андрэю прызначылі два гады калоніі паводле «народнага» арт.342 КК.
На судзе актывіст не прызнаў віны і адмовіўся ад паказанняў. 18 ліпеня 2023 года палітвязень выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін у калоніі №15, але праз паўгода зноў быў затрыманы.
У кастрычніку мінулага года яму прызначылі 15 дзён арышту за віншаванне Украіны з Днём Незалежнасці ў TikTok. Сёлета 15 лютага актывіста зноў арыштавалі на 15 дзён. Але на волю па сканчэнні тэрміна ён не выйшаў - яго затрымалі ў рамках крымінальнай справы.