Упершыню ў гісторыі Канады Узброеныя сілы краіны ўзначаліла жанчына
1- 19.07.2024, 19:13
- 3,904

Джэні Карыньян служыла ў Сірыі, Іраку, Афганістане, Босніі і Герцагавіне.
Узброеныя сілы Канады ўпершыню ўзначаліла жанчына. Як паведамляе Reuters, новым начальнікам Штаба абароны краіны стала генерал-лейтэнант Джэні Карыньян. Яе папярэднік - Уэйн Эйры - перадаў ёй паўнамоцтвы падчас афіцыйнай цырымоніі.
Паведамляецца, што да гэтага прызначэння Карыньян узначальвала дэпартамент прафесійных паводзін і культуры Міністэрства абароны Канады. А цягам 35-гадовай вайсковай кар'еры займала іншыя кіроўныя пасады ва Узброеных сілах, а таксама служыла ў Сірыі, Іраку, Афганістане, Босніі і Герцагавіне.
- Я маю намер выконваць свае абавязкі мужна і непахісна. Але таксама гнутка і з жаданнем працягваць слухаць і вучыцца ў тых, хто прысвяціў сябе абароне канадцаў. І ў тых, хто не ўваходзіць у нашу арганізацыю, але падзяляе нашу прыхільнасць моцнай і бяспечнай Канадзе, - заявіла Карыньян на цырымоніі.
Прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трудо назваў гэты дзень гістарычным і пахваліў Карыньян як чалавека, які адпавядае такой пасадзе.