СМІ: Грэцыя верне ЗША 32 знішчальнікі F-16, якія перададуць Украіне
2- 19.07.2024, 19:44
- 3,318

У ЗША баявыя самалёты, якія праслужылі амаль 40 гадоў, мадэрнізуюць.
Грэцыя верне 32 знішчальнікі F-16 Block 30 у ЗША, дзе яны будуць мадэрнізаваныя і адпраўленыя ва Украіну ў якасці вайсковай дапамогі для супрацьстаяння расейскай агрэсіі.
Пра гэта паведамляе выданне Bulgaria Military (пераклад - ТСН) са спасылкай на заходнія і блізкаўсходнія СМІ.
Такое пагадненне стала магчымым дзякуючы ўхваленню Кангрэсам ЗША экспарту 40 знішчальнікаў F-35A у Грэцыю. Яны мусяць замяніць F-16, закупленыя яшчэ ў 1985 годзе.
Такім чынам Грэцыя далучыцца да такіх еўрапейскіх краін як Бельгія, Нідэрланды і Данія, якія таксама перадаюць Украіне F-16, галоўным чынам дзякуючы атрыманню F-35A на замену.
Апроч закупу F-35 ВПС Грэцыі пачалі атрымліваць знішчальнікі Rafale пакалення 4+. Некаторыя з гэтых самалётаў былі падораныя Францыяй ужыванымі, што дазволіла Грэцыі падтрымліваць дыверсіфікаваны флот.
Перадача амерыканскіх F-16 выклікала меркаванне, што Грэцыя можа перадаць Украіне свае спісаныя французскія знішчальнікі Mirage 2000.