У Ваўкавыску затрымалі маці і цётку палітвязня Францкевіча
5- 19.07.2024, 20:14
- 10,244

Яны прывезлі яму перадачу.
19 ліпеня ў калоніі №11 у Ваўкавыску затрымалі Таццяну Францкевіч, маці палітвязня Аляксандра Францкевіча, якая прыехала ў калонію з перадачай для сына. Пра гэта піша «Радыё Свабода», спасылаючыся на крыніцы з групы сваякоў палітвязняў.
Згодна з крыніцамі, разам з Таццянай Францкевіч у калонію прыехала яе сястра Наталля Лабацэвіч. «Яе таксама затрымалі», – пацвердзілі сведкі. Прычыны затрымання ім невядомыя.
Раней рэжым Лукашэнкі асудзіў Аляксандра Францкевіча да 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.
Адбываць тэрмін палітвязня спачатку накіравалі ў Івацэвіцкую калонію № 5, але пазней перавялі ў Ваўкавыскую ВК-11.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, з верасня 2023 года Аляксандра змясцілі ў ПКТ на паўгода, а таксама неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА.