Большасць камер на месцы злачынства была вымкнутая: новыя драбніцы забойства Фарыён
7- 20.07.2024, 12:59
- 8,114

Драбніцы расказаў дэпутат Львоўскай мескай рады, які жыве ў суседстве.
У раёне, дзе пражывала мовазнаўца і былая народная дэпутатка Украіны Ірына Фарыён, якую 19 ліпеня застрэліў невядомы мужчына, было ўсталявана шмат відэакамер. Аднак на момант замаху яны не працавалі праз адсутнасць святла.
Пра гэта ў эфіры «КІЕЎ24» расказаў дэпутат Львоўскай мескай рады Ігар Зінкевіч. Ён адзначыў, што праваахоўныя органы і хуткая дапамога прыехалі на месца нападу максімальна хутка.
«Так здарылася, што мы з Ірынай былі суседзямі. Жылі праз дом. Часта сустракаліся на дварэ, часта размаўлялі. Была скарыстаная зброя без глушыльніка, увесь раён адразу стаў на вушы. Праз 5 хвілін я быў на месцы», — паведаміў дэпутат.
Ігар Зінкевіч адзначыў, што праваахоўныя органы і хуткая дапамога ўжо былі на месцы, калі ён прыйшоў. У гэтым абшары было шмат відэакамер, але на момант забойства святла не было. Таму праваахоўнікі шукаюць камеры, якія маглі працаваць на акумулятарах.
«Ёсць інфармацыя, сабраная ў кіраўнікоў ОСББ і перададзеная праваахоўным органам. На жаль, не так, як хацелася, бо з вымыканнем святла мы гэта не прадугледзелі, але інфармацыя даецца», — паведаміў Зінкевіч.
Следства таксама высветліла, што невядомы мужчына некалькі дзён знаходзіўся каля дома Ірыны Фарыён. Ігар Зінкевіч паведаміў, што камеры змаглі зафіксаваць гэтую асобу, і сведкі пацвердзілі ягоную прысутнасць. Цяпер гэты мужчына падазраваны ў справе.
Нагадаем, што кіраўнік МУС Украіны Ігар Кліменка назваў асноўныя матывы, якія разглядаюць праваахоўныя органы што да забойства Ірыны Фарыён. Сярод іх — грамадская і палітычная дзейнасць мовазнаўцы, а таксама асабовая непрыязнасць да яе. Праваахоўнікі не выключаюць, што забойца мог быць наняты.