МЗС Беларусі афіцыйна пацвердзіла смяротны прысуд грамадзяніну Нямеччыны
9- 20.07.2024, 17:18
- 11,118

Нібыта за дыверсію.
Звязаны з беларускім МЗС тэлеграм-канал фактычна пацвердзіў версію, што грамадзянін Нямеччыны Рыка Крыгер прысуджаны ў Беларусі да пакарання смерцю за «дыверсіі ў расейскай Бранскай вобласці», каля мяжы з Беларуссю.
Як піша «Наша ніва», у допісе канала, праўда, адкрытым тэкстам гэтага не сцвярджаецца, але даецца спасылка на расейскі прапагандысцкі рэсурс EurAsiaDaily, у матэрыяле якога фігуруе якраз гэтая версія. Прозвішча нямецкага грамадзяніна як у допісе тэлеграм-канала, так і ў матэрыяле EurAsiaDaily чамусьці пішацца Грыгер, а не Крыгер, як гэта падавалася раней.
Даецца таксама спасылка на афіцыйны каментар прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза, які, аднак, мае вельмі агульны і абцякальны характар, не змяшчае ніякай канкрэтыкі. Але сам факт таго, што расстрэльны прысуд немцу вынесены, не адмаўляецца:
«Кантакты з нямецкім бокам па гэтай тэме, вядома ж, былі. Гэты злачынец з'яўляецца грамадзянінам Нямеччыны і нам зразумелы клопат пра яго нямецкім бокам».