1 верасня 2024, Нядзеля, 1:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bloomberg: Трамп адмовіўся ад дэбатаў з Гарыс

30
Bloomberg: Трамп адмовіўся ад дэбатаў з Гарыс

Віцэ-прэзідэнтка ЗША адказала вострай крытыкай на адмову.

Каманда экс-прэзідэнта ЗША Дональда Трампа адмовілася ад дэбатаў з віцэ-прэзідэнткай Камалай Гарыс пасля таго, як кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі выклікала прадстаўніка рэспубліканцаў на запланаваную раней вочную сустрэчу.

Як піша Bloomberg, прадстаўнік Трампа Стывен Чэнг заявіў, што планы дэбатаў "не могуць быць закончаныя, пакуль дэмакраты афіцыйна не вызначацца наконт свайго кандыдата".

"Было б недарэчна планаваць падзеі з Гарыс, бо дэмакраты цалкам могуць змяніць сваё меркаванне", - сцвярджае Чэнг.

Віцэ-прэзідэнтка адказала вострай крытыкай на такую пазіцыю каманды Трампа.

“Што здарылася з “ва ўсялякі час, ва ўсялякім месцы?”, - напісала яна ў сацсетцы X у адказ.

Як адзначаецца, дэмакраты гатовыя фактычна вылучыць Гарыс да 7 жніўня. Цяпер яна з'яўляецца адзінай абвешчанай кандыдаткай у прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі і мае падтрымку амаль усіх вядучых партыйных фігур.

Дэбаты паміж Трампам і дзейным прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам 27 чэрвеня сыгралі на карысць рэспубліканца і сталі ўдарам для дэмакратаў. Няўдалы выступ прэзідэнта выклікаў паніку ў партыі наконт яго ўзросту і здольнасці перамагчы Трампа, што ў выніку вывела Байдэна з гонкі і прывяло да замены на Гарыс.

У чацвер віцэ-прэзідэнтка заявіла, што "гатовая да дэбатаў з Дональдам Трампам" і абвінаваціла яго ў "адступленні" ад пагаднення аб мерапрыемстве 10 верасня, арганізаванага ABC News.

“Выбарцы заслугоўваюць убачыць падзелены экран, які існуе ў гэтай гонцы на сцэне дэбатаў”, - сказала Гарыс журналістам пасля вяртання ў Вашынгтон з выступу ў Х'юстане.

У выданні нагадалі, што 10 верасня павінны былі адбыцца другія дэбаты Байдэна і Трампа. Аб іх было дамоўлена яшчэ да выхаду прэзідэнта з гонкі. Аднак у аўторак Трамп, хоць і пагадзіўся на дэбаты з Гарыс, раптам заявіў, што хоча змяніць мадэратара - замест ABC News ён хоча кансерватыўны і больш прыхільны да яго Fox News.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках