Расейскія «шахеды» масава заляцелі ў Беларусь
52- 31.07.2024, 7:38
- 58,250
У паветра паднятыя знішчальнікі.
Беларусь падняла ў паветра знішчальнікі, каб перахапляць расейскія «шахеды», якія залятаюць праз украінска-беларускую мяжу.
Пра гэта паведамляе «Фокус» са спасылкай на беларускіх OSINT-расследавальнікаў.
«15 хвілін таму на аэрадроме «Баранавічы» быў узняты ў паветра знішчальнік ВПС РБ. Палёт, магчыма, звязаны з перахопам расейскага беспілотніка Shahed-136/131», - гаворыцца ў паведамленні.
Пазней OSINT-расследавальнікі ўдакладнілі, што адзін з «шахедаў» рухаецца над тэрыторыяй Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка ў кірунку Чарнобыля.
Агулам, паводле звестак маніторынгавых тэлеграм-каналаў, у памежжы з Беларуссю зараз знаходзіцца сама меней шэсць «шахедаў».
«Дакладная колькасць шахедаў, якія цяпер ужо ў Беларусі, невядомая», — гаворыцца ў паведамленні.
Стала таксама вядома, што раніцай 30 ліпеня на аэрадром «Лунінец» прыляцелі 2 гелікаптэры Мі-8 ВПС РБ, а з 15 ліпеня на аэрадроме «Бабруйск»практычна штодня дзяжурылі гелікаптэры гэтага ж тыпу.
«Прычына - імкненне скараціць падлётны час да мяжы з Украінай для перахопу расейскіх «шахедаў», якія залятаюць у Беларусь. Выбар аэрадрома «Бабруйск» з'яўляецца невыпадковым, паколькі ён бліжэй за ўсё размешчаны да мяжы», - адзначылі OSINT-расследавальнікі.