«Падлавілі ў момант узлёту»
3- 1.08.2024, 20:48
- 16,998

Украінскія дроны сталі пагрозай для расейскіх гелікаптэраў.
У Пралетарскім раёне акупаванага Данецка пацярпеў катастрофу расейскі гелікаптэр Мі-8. Ён перавозіў параненых, звестак аб лёсе экіпажа і пасажыраў пакуль няма. Буйны Z-канал піша, што гелікаптэр быў знішчаны ўкраінскім FPV-дронам: «Падлавілі Расгвардзейскую васьмёрку. Падлавілі ў момант узлёту». Гэта пацвярджае і іншы блізкі да авіяцыі Z-канал: «Пра Мі-8 усё так. На жаль», піша Telegram-канал «Можем объяснить».
Прарасейскія каналы публікавалі відэа няўдалых спроб нападаў дронаў на расейскія гелікаптэры — і ўпершыню ўкраінцам гэта ўдалося. Магчыма, гэта першая ў гісторыі баявая параза гелікаптэра FPV-дронам.
Адлегласць ад лініі фронту да месца катастрофы складае амаль 30 км. Z-блогеры сцвярджаюць, што за кошт рэтранслятараў у паветры ўкраінскія дроны могуць лётаць на дыстанцыі да 20 кіламетраў (а расейскія - усяго на 7 км). З меркавання шматлікіх аўтараў, расейскае войска адстае ад украінскага у эфектыўнасці знішчэння беспілотнікаў.
Напады FPV-дронаў на гелікаптэры могуць стаць штодзённай практыкай, выказаў меркаванне ў размове з «МО» ваенны аналітык Ян Мацвееў. «Гелікаптэр даволі павольны лятальны апарат, сучасныя дроны цалкам здольныя атакаваць яго, асабліва на ўзлёце ці пасадцы. Цяпер камандаванню давядзецца альбо рызыкаваць дарагімі і дэфіцытнымі машынамі, альбо абсталяваць аэрадромы далей ад фронту».
Дроны маюць вызначальнае значэнне на ўкраінскай вайне - абодва бакі спрабуюць кампенсаваць імі нястачу артылерыі. З-за панавання ў паветры беспілотнікаў і адсутнасці эфектыўных спосабаў барацьбы з імі выкарыстанне бранятэхнікі вельмі абцяжаранае, а спробы расейскага войска атакаваць калонамі танкаў і БМП прыводзяць да іх хуткага разгрому. Для абароны ад дронаў расейскія вайскоўцы спрабуюць усталёўваць на тэхніку хлявы і мангалы, апошнія ставяць нават на матацыклы.