Байдэн пацвердзіў абмен зняволенымі з Расеяй
9- 1.08.2024, 20:20
- 4,224

Абмен стаў найбуйнейшым з часоў «халоднай вайны».
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн пракаментаваў міжнародны абмен зняволенымі, які 1 жніўня прайшоў у Турцыі. Ягоную заяву апублікаваў сайт Белага дому.
Паводле ягоных словаў, Расея выпусціла траіх амерыканскіх грамадзянаў і аднаго ўладальніка амерыканскай «зялёнай карты» (віду на жыхарства ў ЗША), «несправядліва зняволеных у турму». Гаворка пра рэпарцёра The Wall Street Journal Эвана Гершкавіча, журналістку «Радыё Свабода» Алсу Курмашаву, былога марскога пяхотніка Поля Уілана і апазіцыйнага расейскага палітыка Уладзіміра Кара-Мурзу.
«Угода, якая забяспечыла іх свабоду, стала подзвігам дыпламатыі. У агульнай колькасці мы дамагліся вызвалення 16 чалавек з РФ, у тым ліку пяці немцаў і сямі расейскіх грамадзянаў, якія былі палітычнымі зняволенымі ў сваёй краіне. Некаторыя з гэтых жанчынаў і мужчынаў несправядліва ўтрымліваліся пад вартай цягам многіх гадоў. Усе яны перажылі неймаверныя пакуты і нявызначанасць. Сёння іх пакутам прыйшоў канец», – заявіў кіраўнік Белага дому.