Forbes: Украіна ажыццявіла «электронны бліцкрыг» пад Курскам
50- 10.08.2024, 19:40
- 61,872
Такога свет яшчэ не бачыў.
Імклівы наступ украінскіх сілаў у Курскай вобласці, які пачаўся 6 жніўня, заспеў знянацку не толькі Расею, але і Захад.
За некалькі дзён УСУ змаглі ўзяць пад свой кантроль больш тэрыторый, чым захапілі расейскія войскі за апошнія месяцы.
Поспех быў дасягнуты дзякуючы новаму стылю вядзення вайны, які прадэманстравалі ўкраінцы падчас гэтай аперацыі.
Пра гэта гаворыцца ў новым артыкуле ўплывовага часопіса Forbes.
Украінцы пры прарыве расейскай мяжы абапіраліся на дзве рэчы: радыёэлектронную барацьбу (РЭБ) і дроны. Фактычна, адзначае аўтар, УСУ здолелі цудоўна ажыццявіць «электронны бліцкрыг».
Першым этапам аперацыі стала «асляпленне» камандавання групоўкі УС РФ у гэтым раёне праз знішчэнне выведных беспілотнікаў ворага. Іх збівалі, у тым ліку, дронамі-перахопнікамі FPV. Пазбавіўшы расейцаў «вока» ў небе, УСУ ўсталявалі ў раёне магутныя «глушылкі», чым вывелі са строю расейскую сувязь.
Такім чынам, групоўка РФ у прымежжы Курскай вобласці аказалася ізаляваная і дэзарыентаваная. Гэта дало магчымасць перадавым групам УСУ прарваць мяжу і пачаць наступ.
«Засяродзіўшы дастатковую колькасць сродкаў РЭБ на Курскім кірунку, Украіна нейтралізавала расейскія беспілотнікі. Гэта дало магчымасць украінскай бронятэхніцы спакойна перасякаць адкрытую мясцовасць, не баючыся пагрозы ўдараў», – гаворыцца ў артыкуле.
Другая важная частка ўкраінскага наступу – гэта масаванае выкарыстанне FPV-дронаў для дакладнай ліквідацыі расейскіх сілаў у раёне.
Украінцы літаральна апанавалі неба Курскай вобласці раямі ўдарных БПЛА, што ўскладніла для РФ абарону. Беспілотнікі сталі паўнавартаснай паветранай падтрымкай наземных войскаў УСУ ў гэтай аперацыі, замяніўшы звычайную авіяцыю. І гэта таксама новае слова ў вайсковай навуцы.
Украінскі бок захоўвае маўчанне наконт сваёй аперацыі пад Курскам, не абвяшчаючы яе падрабязнасці. Аднак ужо цяпер зразумела, што тое, што адбываецца, мае ўсе шанцы стаць новым раздзелам у гісторыі вайны. Украінцы зноў здзівілі свет.