14 верасня 2024, Субота, 16:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг: Па Лукашэнку прыляцеў бумеранг

9
Палітолаг: Па Лукашэнку прыляцеў бумеранг

Дыктатар трапіў у пікантную сітуацыю.

Наступ украінскіх войскаў у Курскай вобласці Расеі стаў непрыемным сюрпрызам для Крамля. Аляксандр Лукашэнка, ягоны галоўны хаўруснік, які заўсёды горача дэкларуе сваю вернасць, пакуль трымае паўзу, піша на «Позiрку» палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі.

8 жніўня Аляксандр Лукашэнка плёў словы ў Менску на сустрэчы з удзельнікамі пасяджэння Рады міністраў унутраных справаў СНД. Ён папракнуў тых, хто хоча дыстанцыявацца ад Масквы.

Дыктатар заклікаў да адзінства, інакш «з намі разбяруцца паасобку. Але калі абрынецца Расея – мы ў гэтую варонку ўсе будзем уцягнуты».

Пры гэтым дыктатар ні словам не абмовіўся пра канкрэтны сюжэт, калі ўкраінцы б'юць расейцаў на іх тэрыторыі.

Не стаў ён закранаць гэтую тэму і на дзень пазней, калі праводзіў нараду пра сяло ў Шклове. Хоць звычайна выкарыстоўвае падобныя мерапрыемствы для каментароў на гарачыя тэмы, у тым ліку расейскія. Але гэта – калі ёсць магчымасць выгадна выставіцца (мяцеж Яўгена Прыгожына, тэракт у «Крокусе»). Аднак тут – пікантная сітуацыя.

Z-каналы абвінавачваюць у здрадзе

Страх кіраўніка Беларусі можна зразумець. Адна рэч – біць сябе ў грудзі, клясціся ў абстрактнай вернасці, і зусім іншая – гаварыць пра гатоўнасць грудзьмі ўстаць на абарону рубяжоў «саюзнай дзяржавы» у рэальнай сітуацыі.

Між тым менавіта да такіх паводзінаў падштурхоўваюць абавязальніцтвы Беларусі ў рамках «саюзнай дзяржавы» і АДКБ.

Лукашэнка ў свой час спрабаваў сагітаваць лідараў краінаў АДКБ адзіным фронтам выступіць на баку Расеі ў кантэксце яе вайны супраць Украіны. Але ў выніку стала зразумела, што ў адзін акоп з Масквой і Менскам ніхто лезці не хоча.

Цяпер жа становіцца асабліва відавочна, што і гаваркі беларускі кіраўнік не гарыць жаданнем рэальна залазіць у крывавае супрацьстаянне паміж Расеяй і Украінай.

Між тым у Ваеннай дактрыне, зацверджанай у красавіку «ўсебеларускім народным сходам», гаворыцца:

«Рэспубліка Беларусь разглядае любыя дзеянні з выкарыстаннем ваеннай сілы, накіраваныя супраць любой з дзяржаваў – удзельніцаў "саюзнай дзяржавы", як замах на "саюзную дзяржаву" ў цэлым і будзе ўжываць адпаведныя захады ў адказ з выкарыстаннем усіх сілаў і сродкаў, якія знаходзяцца ў яе распараджэнні».

Расею б'юць у Курскай вобласці. Але прапаноўваць «зваротныя захады з выкарыстаннем усіх сілаў і сродкаў» Менск не спяшаецца.

Больш за тое, расейскія z-каналы абвінавачваюць хаўрусніка ў здрадзе. Маўляў, менавіта ягоная пастанова адвесці войскі ад мяжы з Украінай дазволіла Кіеву перакінуць сілы на Курскі кірунак.

Але сам Лукашэнка пакуль не каментуе гэтую няважную для яго ў піяраўскім сэнсе сітуацыю.

Бумеранг прылятае назад

Паводле звестак амерыканскага Інстытута вывучэння вайны, украінцы змаглі прасунуцца наперад на 35 кіламетраў у глыб расейскай тэрыторыі. Цяжка меркаваць, наколькі паспяховым будзе гэты прарыў, ці ўдасца падраздзяленням УСУ замацавацца. Але так ці інакш гэты нечаканы ход стварае вялікі галаўны боль Крамлю з ягонай канцэпцыяй «спецыяльнай ваеннай аперацыі».

Уладзімір Пуцін і ягонае асяроддзе імкнуліся паказаць справу так, што ў рамках «дэнацыфікацыі» Украіны ўсё вызначаецца на чужой тэрыторыі і што камфортнаму мірнаму жыццю расейцаў нішто не пагражае. Крэмль унікае новай мабілізацыі, імкнецца прывабіць на фронт кантрактнікаў вялікімі грашыма.

Кіеў жа паказвае, што бумеранг абавязкова прылятае назад, што за ўсё трэба плаціць.

Гэта датычыцца і рэжыму Лукашэнкі. Той ужо заплаціў вялікі кошт за тое, што Пуцін падтрымаў яго ў момант хістання ўлады ў жніўні 2020 года. Кіраўнік Беларусі быў вымушаны вылучыць сваю тэрыторыю для нападу расейскіх войскаў на Кіеў у лютым 2022 года. У выніку зарабіў сур'ёзныя санкцыі, стаў у вачах Захаду марыянеткай, страціў магчымасці знешнепалітычнага манеўравання.

Аднак гэта вельмі крохкая сітуацыя. Падобна, дагэтуль Лукашэнку ўдавалася пераканаць Пуціна, што беларускаму войску лепш прыкрываць расейскіх братоў са спіны, ад верагоднага ўдару падступных натаўцаў. А ну як цяпер «старэйшы брат» скажа: давай, дакажы саюзніцкую вернасць у баі!

Хутчэй за ўсё, Пуцін з такім заклікам не выступіць. Яму сорамна паказаць, што не можа справіцца з украінскім контрударам сваімі сіламі.

Але на ўсялякі выпадак Лукашэнка не спяшаецца з заявамі пра гатоўнасць накіраваць свае войскі на абарону святых рубяжоў «саюзнай дзяржавы». Як бы не злавілі на слове.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках