Расейскі жаўнер тэрміновай службы расказаў аб прарыве мяжы і здачы ў палон УСУ
17- 12.08.2024, 7:58
- 37,722

Ён нават не супраціўляўся.
Трапіўшы ва ўкраінскі палон жаўнер расейскі тэрміновай службы распавёў аб першым дні ваеннай аперацыі ў Курскай вобласці, піша unian.net.
Яго размова з украінскім блогерам Дзмітрыем Карпенкам апублікаваная на YouTube. 19-гадовага Яраслава набралі ў войска 1 снежня 2023 года. Ён кажа, што ісці не хацеў, а пра вайну ва Украіне ведаў толькі з інтэрнэту - яго гэта не цікавіла.
Ён прайшоў “курс маладога байца”, правёў два месяцы ў вайсковай часці, а ўжо ў сакавіку трапіў на мяжу з Украінай, дзе будаваў бліндажы і капаў акопы. Раніцай 6 жніўня ён знаходзіўся на пазіцыях. Пасля "прылёту" па апорным пункце ім сказалі прайсці ва ўкрыцці, аднак ужо да вечара далі каманду "да бою".
Расейскі салдат распавядае, што яны размеркаваліся па баявых ячэйках і чакалі, аднак праз дзве гадзіны яго ўсхвалявала падазроная цішыня. “Прайшоў па ўсёй пазіцыі, зазірнуў у кожны бліндаж - ніводнай душы не было. Я дагэтуль не ведаю, дзе яны ўсе. Нуль эмоцый. Нуль. Усё, пустата”, - кажа ён.
Жаўнер знайшоў свой тэлефон і беспаспяхова паспрабаваў звязацца з таварышамі. Неўзабаве ён пачуў крокі і ўбачыў святло ліхтарыкаў. “Падумаў спачатку, што нашыя ідуць. Я не думаў, што [украінскія салдаты] зойдуць да нас. Я крычу: Хто гэта? Гэта свае?”. Маўчок. Гавораць выходзіць з паднятымі рукамі. Я аўтамат адклаў і выйшаў”, - успамінае ён.
Яраслаў кажа, што ў палон яго ўзялі два ўкраінскія салдаты, ён не супраціўляўся, таму што “не было досведу”. Маці салдата РФ сказала журналісту, што ўжо паглядзела іншыя інтэрв'ю з расейскімі ваеннапалоннымі.
“Што вы хочаце пачуць? Вы былі на маім месцы? На месцы маці ці бацькі, у якога сын у палоне? Я ў курсе падзей [ва Украіне]. А што вы хочаце, каб я прыйшла са стрэльбай і папрасіла прабачэння? Ці як? Што я павінна зрабіць? - абурылася яна.