Сям'я гомельцаў пасялілася ў аўто ля шпіталя ў Екацярынбургу
3- 12.08.2024, 11:28
- 6,224

Туды патрапіў з інсультам іх сваяк.
Кіроўца-міжнароднік з Гомеля Яўген Пагарцаў, працуючы ў Расеі, перанёс інсульт і трапіў у шпіталь ў Екацярынбургу. Яго сям'і давялося прайсці шлях 2500 кіламетраў у гэты горад за Уралам і пасяліцца ў аўто, каб чакаць, калі стан Яўгена палепшыцца, і яго можна будзе транспартаваць у Гомель, адзначае «Флагшток».
Падрабязнасці гэтай гісторыі расказаў мясцовы партал. 62-гадоваму Яўгену стала дрэнна падчас разгрузкі ў прамысловай зоне. Ён стаў страчваць прытомнасць, з-за чаго выклікалі хуткую дапамогу. Кіроўцу прывезлі ў шпіталь і тэрмінова прааперавалі. Мужчына некаторы час знаходзіўся ў коме, яго давялося падключыць да апарата ШВЛ. Дагэтуль ён толькі раз расплюшчыў вочы, калі ў палату да яго пусцілі дачку - Яўгенію Мельнікаву, якая прыехала ў Екацярынбург разам з мужам і сястрой.
Гомельцы ўжо некалькі дзён жывуць у сваім легкавіку каля шпіталя, чакаючы, калі стан Яўгена палепшыцца. Са слоў Насты, самаадчуванне ў бацькі было дрэнным яшчэ перад злашчасным рэйсам - быў падвышаны ціск і балела галава. Але начальства адправіла кіроўцу ў дарогу: спачатку на Санкт-Пецярбург і Маскву, потым - на Урал. Пры гэтым, паводле слоў сваякоў, дальнабойшчык нават не прайшоў медкамісію. У яго рэчах знайшлі накіраванне на медагляд.

Гомелец працаваў у транспартнай кампаніі Dentro, куды ўладкаваўся літаральна ў канцы ліпеня. Сваякі мяркуюць, што фірма фактычна кінула свайго работніка, які апынуўся на шпітальным ложку непрытомны. Лячэнне, транспартаванне і рэабілітацыя пацыента, хутчэй за ўсё будуць каштаваць шалёных грошай, таму што працадаўца не аформіў Яўгену страхоўку.
У той жа час у кампаніі заявілі журналістам, што страхаванне ад падобных выпадкаў кіроўцы-замежнікі павінны афармляць самі, і паабяцалі, што фірма аплаціць рахунак, выстаўлены за лячэнне ў шпіталі Екацярынбурга.

Сваякі Яўгена працягваюць жыць у аўто і пакуль вызначаюцца, якім чынам змогуць транспартаваць дадому гомельца - хутчэй за ўсё, для гэтага давядзецца наймаць медыцынскі аўтамабіль, а гэта будзе каштаваць вельмі дорага.