Украінскія памежнікі рыхтуюцца да «любых сітуацый» на мяжы з Беларуссю
1- 12.08.2024, 11:46
- 3,342

Беларускі рэжым «стварае карцінку».
Украінскія памежнікі па-ранейшаму не фіксуюць ля мяжы з Беларуссю нарошчвання ці перамяшчэння беларускіх войскаў. Пра гэта 12 жніўня заявіў спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка ў эфіры тэлемарафону.
«Заява Лукашэнкі - падыгрыванне Расеі. Неаднаразова было такое, што яны гавораць пра нейкае нарошчванне сіл. Потым яны здымаюць гэтыя сілы з кірунку да мяжы з Украінай - маўляў, ужо не бачаць пагрозы. Гэта чарговая спроба інфармацыйнага ўплыву. Я не выключаю, што яны будуць вымушаныя ажыццяўляць перамяшчэнне тэхнікі, асабовага складу - у невялікай колькасці - для таго, каб можна было стварыць карцінку. Але яно будзе адбывацца ў глыб тэрыторыі Беларусі», - цытуе Дземчанку NV.
Спікер Дзяржаўнай памежнай службы таксама сказаў, што, хаця каля мяжы не назіраецца перамяшчэння або нарошчвання беларускіх войскаў, сітуацыя застаецца складанай.
«Улічваючы, што Беларусь застаецца ў сферы ўплыву краіны-тэрарысткі Расеі, пагроза на гэтым кірунку канчаткова не знікае. І мы павінны быць гатовыя да любой сітуацыі на кожным кірунку», - сказаў Дземчанка.