11 лютага 2025, aўторак, 1:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто прымусіў Лукашэнку мітусіцца

6
Хто прымусіў Лукашэнку мітусіцца

Некалькі высноў.

На працягу трох дзён, падчас якіх разгортвалася ваенная аперацыя ўкраінскіх узброеных сіл у Курскай вобласці Расеі, улады Беларусі маўчалі. Не было афіцыйных заяў. Дзяржаўныя медыя толькі транслявалі расейскі афіцыёз. Маўчаў і Аляксандр Лукашэнка. Але пасля працяглай паўзы гучна адрэагаваў.

Незвычайную актыўнасць праявіла МЗС, якое паспела за адзін дзень выступіць з асуджэннем рэйду ўкраінскіх войскаў у Курскую вобласць, заявіць пратэст часоваму паверанаму ў справах Украіны і нават паскардзіцца ў ААН і АБСЕ на ўкраінскія беспілотнікі.

Узарваліся ўсе прапагандысцкія рэсурсы. Навыперадкі сталі каментаваць дзеянні Украіны «дэпутаты».

Што адбываецца напраўду? Найперш — ці была сапраўды атака беспілотнікаў з тэрыторыі Украіны на Беларусь? Украінскі бок гэта зняпраўджвае. Згодна з маніторынгавай групай "Беларускі Гаюн", ніякіх дронаў з тэрыторыі Украіны ў гэтыя дні знойдзена не было, як не было ніякіх запускаў ракет са знішчальніка Су-30 або гелікаптэраў Мі-24 Узброеных сіл Беларусі.

Таксама ўкраінская памежная служба заяўляе, што дадатковых беларускіх войскаў каля мяжы пакуль няма.

З усяго гэтага можна зрабіць наступныя высновы.

Найперш — здарыўся нейкі моцны штуршок, які прымусіў афіцыйны Менск прыкметна мітусіцца і актыўна дэманстраваць сваю падтрымку расейскаму саюзніку. І такім штуршком, відавочна, сталі не дакоры з боку расейскіх Z-блогераў, на якія Лукашэнка дагэтуль не надта рэагаваў. Можна меркаваць, што гэта быў нейкі моцны сігнал з вышэйшых расейскіх інстанцый. І сігнал такі, які нельга было праігнараваць.

Рэакцыя афіцыйнага Менска на гэты сігнал або штуршок з Масквы былі даволі штучнымі. Відавочна, не было часу прыдумаць нешта больш рэалістычнае. Варта звярнуць увагу на пэўную разгубленасць палітычнага кіраўніцтва Беларусі. Не было ўжо традыцыйнай нарады Лукашэнкі з кіраўнікамі сілавых ведамстваў.

10 жніўня Лукашэнка падчас размовы з жыхарамі вёскі Гарадзішча Шклоўскага раёна заявіў: «Там ужо на мяжы неспакойна. Вось я мушу тэрмінова заўтра быць на месцы і разбірацца з гэтымі праблемамі». Але назаўтра ён чамусьці не паехаў на беларуска-ўкраінскую мяжу, як анансаваў, а наведаў агракамбінат «Юбілейны» ў Аршанскім раёне.

Трэба адзначыць, што рэакцыя афіцыйнага Менска на падзеі вельмі дэманстратыўная. Шмат шуму, публічных дзеянняў, разлічаных на тое, каб гэта ўхвальна ўспрынялі ў Маскве.

Маўляў, мы перамяшчаем да ўкраінскай мяжы дадатковыя войскі, адцягваем увагу вайскоўцаў Украіны, тым самым падтрымліваем расейскага саюзніка. Таму не трэба нас папракаць.

Можна меркаваць, што гэтым усё і абмяжуецца. Магчымасць рэальнага ўдзелу беларускага войска ў расейска-ўкраінскай вайне застаецца невысокай.

Валер Карбалевіч, «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках