10 лютага 2025, панядзелак, 22:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямеччына - найбуйнейшы донар ЕЗ у абсалютных паказчыках

Нямеччына - найбуйнейшы донар ЕЗ у абсалютных паказчыках

У разліку на душу насельніцтва больш за астатніх плаціць Ірландыя.

Нямеччына па-ранейшаму з'яўляецца найбуйнейшым аплатнікам унёскаў у ЕЗ у абсалютных паказчыках. У 2023 годзе Берлін пералічыў Еўразвязу на 17,4 млрд еўраў больш, чым ён атрымаў сродкаў з бюджэту ЕЗ, паведаміў у панядзелак, 12 жніўня, Інстытут нямецкай эканомікі (IW) у Кёльне, які прааналізаваў апублікаваныя раней звесткі Еўракамісіі.

У гэтым паказчыку ФРГ значна перасягае ўсе астатнія еўрапейскія краіны. На другім месцы - Францыя, якая ў тым жа годзе ўнесла ў бюджэт Еўразвязу амаль на 9 млрд еўраў больш, чым з яго атрымала. Італія - на трэцім месцы з чыстым укладам у суме 4,5 млрд еўраў.

Пры гэтым паказчык чыстых унёскаў Нямеччыны ў ЕЗ у 2022 годзе быў яшчэ вышэйшы - 19,7 млрд еўраў. Прычынай зніжэння ўнёскаў IW называе неспрыяльную эканамічную сітуацыю. Паколькі сёлета аднаўлення эканамічнай кан'юнктуры не назіраецца, эканамісты мяркуюць, што чысты ўнёсак Нямеччыны ў ЕЗ у 2024 годзе зноў знізіцца.

Найбуйнейшым атрымальнікам сродкаў ЕЗ, як і годам раней, з'яўлялася Польшча, якая атрымала на 8,2 млрд еўраў больш, чым унесла ў бюджэт Еўразвязу. За ёй ідуць Румынія (6,0 млрд еўраў) і Вугоршчына (4,6 млрд еўраў).

У разліку на душу насельніцтва найбуйнейшым донарам Еўразвязу з'яўлялася Ірландыя. «Кожны жыхар Ірландыі ў 2023 годзе заплаціў ЕЗ блізу 236 еўраў», – адзначыў IW. Нямеччына - на другім месцы з сумай 206 еўраў на кожнага жыхара краіны.

Агульны бюджэт ЕЗ у 2023 годзе складаў 173,1 млрд еўраў. З гэтай сумы 143,4 млрд былі накіраваныя па розных каналах краінам — чальцам ЕЗ. Унёсак Нямеччыны складае амаль чвэрць усіх сродкаў. Разам з тым у Берліне падкрэсліваюць, што Нямеччына атрымлівае больш выгады ад унутранага рынку ЕЗ, чым кожная іншая еўрапейская эканоміка.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках