10 лютага 2025, панядзелак, 23:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Некаторыя тавары неўзабаве знікнуць з паліц беларускіх крам

12
Некаторыя тавары неўзабаве знікнуць з паліц беларускіх крам

Рэжым Лукашэнкі ўвёў контрсанкцыі.

Урад увёў чарговыя контрсанкцыі для тавараў з «недружалюбных» краін. «Зеркало» паглядзела, як гэта адаб'ецца на выбары пакупнікоў.

Урад Беларусі забараніў з 31 жніўня ўвозіць і прадаваць шэраг тавараў з «недружалюбных» краін. У чорным спісе ўсяго некалькі тыпаў ежы, а таксама нехарчовыя пазіцыі. Калі разабраць кожны новы пункт, то выяўляецца, што для многіх з іх абмежаванні могуць застацца незаўважнымі.

І яшчэ адна выснова: здаецца, што ў некаторых выпадках улады пастараліся прыбраць канкурэнтаў, аднак ад гэтага выйграюць беларускія і расейскія вытворцы аналагічнай прадукцыі.

Якая сітуацыя з прадуктамі, што патрапілі пад санкцыі?

Хутчэй за ўсё, не моцна ўдарыць па многіх беларусах забарона на заходнюю макарону. І не толькі таму, што многія набываюць беларускую прадукцыю, а таксама таму, што італійскія брэнды, якія ёсць на нашым рынку, ужо шмат гадоў вырабляюцца ў Расеі. У першую чаргу гэта датычыцца вядомай макароны Barilla, але таксама такой, напрыклад, як Federici і Pasta Zara.

У той жа час з прылаўкаў знікнуць Reggia і Delverde, якія везлі да нас проста з Італіі. Аднак агулам макарона з цвёрдых гатункаў пшаніцы будзе, але выбар застанецца паміж расейскай (нават калі пад сусветнымі брэндамі) і беларускай.

Прыкметнейшай будзе згуба імпартных яблыкаў. Зараз у гандлёвых сетках ёсць даволі вялікі выбар польскай, нідэрландскай, італійскай, малдаўскай садавіны. Прычым увезеныя з Польшчы звычайна канкуравалі па кошце нават з айчыннымі. Пасля 31 жніўня, мяркуючы з усяго, многія з іх знікнуць. А тыя, што застануцца, напрыклад, чылійскія, будуць больш высокім коштам праз больш складаную лагістыку.

Што тычыцца маргарыну, які трапіў пад забарону, то ў раздробе ў асноўным сустракаецца або айчынны, або расейскі такі прадукт. Аднак, магчыма, імпартным карыстаюцца вытворцы кандытарскіх вырабаў.

Што па нехарчаванні?

У чорны спіс патрапіў цэмент. Аднак, як вынікае са звестак Белстата, у першай палове гэтага года 84% гэтага матэрыялу ў продажы было айчыннай вытворчасці. З таго, што прапануюць у продажы анлайн, ёсць таксама нямала расейскай альтэрнатывы. Знайсці заходні прадукт значна складаней.

Мінеральныя і хімічныя ўгнаенні таксама выявіліся пад контрсанкцыямі Менска. У Беларусі ёсць прадпрыемствы, якія рэалізуюць такую імпартную прадукцыю, у тым ліку ўвезеную з заходніх краін. Такім чынам, у гэтым выпадку цяжкасці могуць узнікнуць у фермераў і агароднікаў-аматараў. Ім застанецца пераходзіць на беларускія, расейскія і ў рэдкіх выпадках увезеныя з далёкіх краін аналагі. Дзяржаўныя сельгаспрадпрыемствы, магчыма, ужо вымушаныя набываць беларускія ўгнаенні.

Хутчэй за ўсё, шмат хто не заўважыць забароны на імпарт пластыкавага посуду і прыбораў, бо ў нашай краіне ёсць свае вытворцы. Таксама ёсць дастаткова варыянтаў такога посуду, які выкарыстоўваюць рэстарацыі і кавярні для дастаўкі і продажу прадуктаў на вынас.

Эмбарга закранула розныя драўняна-стружкавыя пліты. У гэтым выпадку таксама можна сказаць, што пакупнікі знойдуць беларускую і расейскую альтэрнатыву. Тым больш, што зараз наш рынак у асноўным запоўнены айчыннымі такімі таварамі. Тое ж датычыцца іншых піламатэрыялаў, у гандлі такая прадукцыя беларускай вытворчасці складае амаль 95%.

Папяровае пакаванне таксама апынулася ў чорным спісе, зацверджаным урадам. У гэтым выпадку таксама ёсць беларуская альтэрнатыва. Што ж тычыцца крафтавых папяровых пакетаў, то ад адсутнасці невялікай часткі заходняга імпарту выйграюць расейцы. Менавіта адтуль ідзе на беларускі рынак большая частка такіх тавараў.

Нельга будзе імпартаваць заходнюю чарапіцу і цэглу, што таксама азначае адсутнасць альтэрнатывы ў гэтым выпадку ў будаўнічай сферы. Аднак і тут ці наўрад можна казаць аб узнікненні дэфіцыту тавару.

Ці распаўсюджваецца забарона на ўвоз гэтых тавараў фізічнымі асобамі?

Калі нехта захоча ўвезці гэтыя тавары з-за мяжы для сябе, то абмежаванні не дзейнічаюць. Але трэба ўлічваць, што дзейнічаюць бязмытныя ліміты, за перавышэнне якіх трэба плаціць мыту.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках