Чыноўнікі падрыхтавалі чарговыя пенсійныя змены
16- 12.08.2024, 19:36
- 33,838

Каго яны закранаюць?
У Беларусі хочуць увесці чарговыя пенсійныя змены, якія закранаюць вайскоўцаў. Прапанаваныя новаўвядзенні абмеркавалі на экспертнай радзе пры «савеце рэспублікі нацсходу», піша «Зеркало».
Што маюць змяніць
Чыноўнікі маюць намер увесці карэкціроўкі ў закон, які датычыцца пенсій вайскоўцаў. Гэта хочуць зрабіць праз тое, што ў снежні 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога Беларусь выйшла з трох міжнародных пенсійных дамоў у межах СНД.
Адно з магчымых новаўвядзенняў — выплата пенсій вайскоўцам пры іх выездзе з Беларусі на сталае месца жыхарства ў краіны, з якімі ў нас былі ўкладзеныя дамовы аб сацзабеспячэнні, а потым — разарваныя. Яны будуць атрымліваць гэтыя выплаты ў нашай краіне. Ураду яшчэ трэба вызначыць, паводле якой схемы гэта будзе адбывацца.
Яшчэ адна з магчымых змен, якую збіраюцца ўвесці чыноўнікі, датычыць вайскоўцаў з краін былога СССР, якія захочуць пераехаць на ПМЖ у Беларусь, але пры гэтым у нас не падпісаныя з гэтымі дзяржавамі дамовы аб сацстрахаванні. Так, тыя вайскоўцы, якія атрымаюць дазвол на жыхарства ў Беларусі (пашпарт або некаторыя іншыя дакументы), змогуць прэтэндаваць на пенсію ў нашай краіне. Выключэнне - тыя, хто праходзіў вайсковую службу ва Украіне пасля 24 лютага 2022 года, гэта значыць, пасля нападу Расеі на гэтую краіну.
«Прапануецца ўстанавіць адзіныя ўмовы і парадак выплаты пенсій вайсковым пенсіянерам усіх сілавых ведамстваў Рэспублікі Беларусь у выпадках іх прыбыцця на сталае жыхарства ў Беларусь або выезду за межы краіны», - тлумачаць у «савеце рэспублікі нацсходу».
Чаму жадаюць увесці змены і пры чым тут Украіна і Расея
У Мінабароны Беларусі раней адзначылі, што 99% выпадкаў назначэння пенсій паводле міжнародных дамоваў прыпадала на вайскоўцаў, якія прыбылі з Расеі і Украіны. У ведамстве таксама ўдакладнялі, што дзеянне пагаднення аб пенсійным забеспячэнні і дзяржстрахаванні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў ва Украіне спынілі з 23 верасня 2023 года.
«Што тычыцца пагадненняў па пенсійным забеспячэнні вайскоўцаў, то іх дзеянне спыняецца ва Украіне з 5 студзеня 2024 года, а ў Расейскай Федэрацыі - з 20 красавіка 2024-га. Расейская Федэрацыя таксама знаходзіцца на стадыі выхаду з пагаднення, якое тычыцца пенсійнага забеспячэння супрацоўнікаў органаў унутраных спраў», - тлумачылі раней у гэтым сілавым ведамстве.
Што зараз кажуць чыноўнікі аб магчымых зменах?
«Законапраект распрацаваны з мэтай захавання ўзроўню і парадку пенсійнага забеспячэння ваайскоўцаў, асоб начальніцкага і шараговага складу дзяржаўных органаў гарантавання нацыянальнай бяспекі пасля выхаду Рэспублікі Беларусь з пагадненняў», - заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін.
«Апошнім часам пачасціліся звароты грамадзян, якія звязаныя з пенсійным забеспячэннем, у тым ліку вайскоўцаў, — удакладніла старшыня «савета рэспублікі» Наталля Качанава. - Тых людзей, якія служылі раней за Савецкім Саюзам у іншых краінах і якія прыязджаюць да нас на сталае месца жыхарства. Нядаўна я праводзіла асабісты прыём, да мяне прыходзіў чалавек (які ўжо стаў грамадзянінам нашай краіны), але родам з Грузіі. Кажа, што пераехаў у Беларусь, а служыў - там. Таму гэты законапраект патрэбны».