«Лукашэнка двойчы схлусіў»
11- 13.08.2024, 15:52
- 13,188
Ці сапраўды беларускі дыктатар перакінуў войскі да ўкраінскай мяжы.
Праз прарыў у Курскай вобласці прыкметна ажывіліся ў Беларусі, піша “РБК-Украіна”. У суботу Лукашэнка абвясціў аб перакідцы войскаў да ўкраінскай мяжы. У якасці падставы - нечаканыя вынікі прарыву і нібыта перахоп украінскіх ударных дронаў над беларускай тэрыторыяй.
“Два дні таму атака на курскім кірунку, дзе яны прасунуліся на некалькі дзясяткаў кіламетраў - 30-35. Акопваюцца там. Ну і вось гэтая правакацыя з мэтай удараў па Расейскай Федэрацыі”, - адзначыў ён і прыстрашыў, што “без адказу правакацыі не застануцца”.
Паводле слоў міністра абароны Віктара Хрэніна, у памежныя Гомельскую і Мазырскую вобласці перакінуты сістэмы залпавага агню "Паланез" і ракетныя комплексы "Іскандэр". Таксама яго ведамства апублікавала фота і відэа пагрузкі танкаў на чыгуначны транспарт. Тым не менш непасрэдна да мяжы тэхніка, здаецца, не даехала.
Лукашэнка як мінімум двойчы схлусіў у сваіх заявах, мяркуе вайсковы экспэрт, былы спікер Генштаба УСУ Уладзіслаў Селязнёў.
Па-першае, калі заявіў аб украінскіх дронах і працы баявой авіяцыі. Са звестак маніторынгавага канала "Беларускі Гаюн", ніякіх беспілотнікаў не было, як і вылетаў Су-30 або гелікаптэраў Мі-24. Па-другое, калі заявіў аб узмацненні войскаў на мяжы, што не пацвярджаецца ўкраінскім бокам.
“Думаю, ён дакладна разумее, што ў нас ёсць пэўны вораг і гэта Расея. Заявы Лукашэнкі толькі ствараюць бачнасць, што ён нібыта датычны да працэсаў. Гэта пустыя заявы, якія нічога агульнага з рэаліямі не маюць”, - распавёў ён.
Вядома, тысяча кіламетраў мяжы з Беларуссю - гэта таксама частка лініі баявога сутыкнення. Цяпер яна неактыўная, але Сілы абароны гатовыя і прымаюць меры інжынернай фартыфікацыі ў Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай і Кіеўскай абласцях.
“Такім чынам, гісторыю трэба разглядаць як інфармацыйны ўкід. Скіраваны на тое, каб паказаць Пуціну, што ягоны беларускі калега таксама нібыта датычны да вайсковых працэсаў. Аднак яго заявы наўрад ці трансфармуюцца ў практычныя крокі з прыцягненнем войска Беларусі да супрацьстаяння з УСУ”, - падкрэсліў Селязнёў.
Ваенна-палітычны аглядальнік групы "Інфармацыйны супраціў" Аляксандр Каваленка дапускае, што Лукашэнка мог перакінуць пэўную колькасць тэхнікі.
“Каб паказаць, што ён занепакоены падзеямі (у Курскай вобласці, - рэд.) і салідарны з Расеяй. Але не думаю, што гэта трэба ўспрымаць як сур'ёзную пагрозу. Таму што ўсе дзеянні Лукашэнкі маюць выключна дэманстратыўны характар. Не больш”, - адзначыў ён.