УСУ занялі яшчэ пяць населеных пунктаў у Курскай вобласці
7- 14.08.2024, 13:24
- 12,944
Расейцы спехам рыюць акопы пад Курскам.
За апошнія дні Узброеныя сілы Украіны занялі сама меней пяць населеных пунктаў у Курскай вобласці РФ, а расейцы пачынаюць акопвацца каля гарадоў Льгоў і Курск. "Фокус" сабраў інфармацыю аб тым, як прасоўваецца аперацыя ў Курскай вобласці.
Асноўнае прасоўванне УСУ адбылося на паўднёвым краі Суджанскага раёна. Яшчэ ўвечары 13 жніўня ў сеціве пачалі з'яўляцца відэа з вёскі Пляхава Курскай вобласці, куды ўвайшлі ўкраінскія войскі. На кадрах бачна калону вайскоўцаў і бранятэхнікі, якая рухаецца па вуліцы План у цэнтры вёскі.
А ўжо раніцай 14 жніўня ў тэлеграм-каналах публікавалі фота ўкраінскіх байцоў каля Пляхаўскага цэнтральнага сельскага дома культуры.
Таксама ўвечары 13 жніўня расейскі z-паблік “Два маёры” пацвердзіў заход украінскага войска ў сяло Спальнае.
«Цяпер паступаюць звесткі аб заходзе сіл супраціўніка ў н.п. Спальнае», - гаворыцца ў паведамленні.
Акрамя таго, расейскі прапагандыст Юрый Падаляка паведаміў, што на раніцу 14 жніўня УСУ ўдалося заняць тры населеныя пункты на поўначы Куршчыны.
“На паўночна-курскім кірунку ўчора і, на жаль, на раніцу мы не змаглі яго (праціўніка. - Рэд.) выбіць з вёскі, праціўнік захапіў н.п. Вольгаўка. І такім чынам, ахапіў Каранеўскае з усходу. Таксама ўчора ўвесь дзень (ды і ўначы) працягваліся баі ў раёне н.п. Паграбкі і Малая Локня. Паграбкі па выніку засталіся пакуль што за намі, але Малую Локню і Кругленькі супраціўнік да раніцы заняў”, - напісаў Падаляка.
Суджа, нягледзячы на заявы расейскіх прапагандыстаў, таксама застаецца пад кантролем Узброеных сілаў Украіны. Там пабывала карэспандэнтка «ТСН» Наталля Нагорная, адкуль зняла відэасюжэт.
УС РФ пачалі рыць акопы ў раёне Льгова і Курска
Як паведаміў праект “Кіберборошна” Расея пачала ўзводзіць акопы пад Льговам, Курскай вобласці, які размяшчаецца на адлегласці блізу 45 км ад дзяржаўнай мяжы з Украінай.
Экспэрты выдання "Militarnyi" адзначылі, што гэтыя ўмацаванні фактычна з'яўляюцца лініяй абароны Льгова, на якую ўскладзеная задача кантролю паўднёвага ўезду ў горад.
Свежыя траншэі бачныя на спадарожнікавых здымках адразу з некалькіх адцінкаў Курскай вобласці. Яны з'явіліся за 1,5 км на поўдзень ад Льгова (каля трасы Льгоў-Суджа), уздоўж чыгункі каля вёскі Віктараўка (4 км на паўднёвы захад ад Льгова), на скрыжаванні дарог Селіхавы Доры-Іваніна і Дзьяканава-Суджа і каля вёскі Дружная (на 25 км на ўсход ад Льгова).
Найбліжэйшыя да мяжы траншэі размешчаны побач з сялом Віктараўка за 45 км ад мяжы, а самы аддалены пункт — побач з Курскам за 75 км ад мяжы.