Беларускі афіцэр: У войску пачалася паніка
57- 14.08.2024, 15:15
- 100,282
Расейцы не будуць абараняць Лукашэнку.
Прасоўванне УСУ ў Курскай вобласці, як стала вядома сайту Charter97.org, шакавала беларускіх вайскоўцаў.
Як распавёў на ўмовах ананімнасці беларускі афіцэр, у першыя дні вайскоўцы сур'ёзна асцерагаліся таго, што іх адправяць у Курскую вобласць:
- Цяпер ёсць разуменне, што, хутчэй за ўсё, беларусаў нікуды адпраўляць не будуць. Але ў першыя дні, калі стала зразумела, што ўкраінцы з лёгкасцю ўвайшлі ў Курскую вобласць, пачалася паніка.
Адразу загаварылі пра абавязанні ў АДКБ, прыгадаліся падзеі ў Казахстане, калі нашых перакідвалі. Але адна справа ваяваць з нейкімі паўстанцамі, а тут - войска краіны, якая ваюе.
У чатах перасылалі адзін аднаму відэа з палоннымі расейскімі жаўнерамі тэрміновай службы. Разумеем, што калі б такая аперацыя была задумана супраць нас, прасоўванне УСУ было б аналагічным, калі б не яшчэ больш хуткім.
Бо ў Курскай вобласці таксама нібыта будаваліся ўмацаванні, нібыта праводзіліся розныя зборы апалчэнцаў, мяжа нібыта была пад абаронай, але ўкраінцы прарваліся за лічаныя гадзіны.
Калі ж расейцы такім чынам абараняюць сваю зямлю, калі дагэтуль не справіліся з атакай на свае тэрыторыі, то як жа яны будуць абараняць Лукашэнку?
- Як развіваліся б падзеі, калі б беларусаў перакінулі ў Курскую вобласць?
- Залежыць ад таго, каго б перакінулі. Думаю, калі б адправілі ССА, нейкіх ідэалагічна зараджаных таварышаў, іх бы проста тамака перастралялі. Баявога досведу ў іх няма.
Аднак не ўпэўнены, што Лукашэнка адправіў бы адзіныя больш-менш баяздольныя падраздзяленні. Што да іншых войскаў, пачынаюцца пытанні з лаяльнасцю. Магла б пачацца масавая здача ў палон.